На экстранай сесіі турэцкі парламент дазволіў ураду выслаць у Лівію войска


2 студзеня 2020 года. Заканадаўцы ўдзельнічаюць у надзвычайнай сесіі ў парламенце Турцыі. У чацвер яны дазволілі ўраду размясціць войскі ў Лівіі дзеля падтрымання яе ўраду. «За» прагаласавалі 325 дэпутатаў, «супраць» – 184Фота – Mustafa Kaya / Xinhua / Zhengsiyuan / Zuma Press / Forum

Вялікі нацыянальны сход Турцыі падтрымаў законапраект, які прадугледжвае магчымасць адпраўкі турэцкіх вайскоўцаў у Лівію, падае «Reuters».

У галасаванні ўзялі ўдзел 509 дэпутатаў, з іх 325 выказаліся ў падтрыманне законапраекта, 184 – супраць.

Законапраект, які дэпутаты разгледзелі сёння на надзвычайнай сесіі, Партыя справядлівасці і развіцця – партыя Рэджэпа Таіпа Эрдагана – прадставіла парламенту 30 снежня.

28 лістапада Анкара і Трыпалі заключылі мемарандум аб супрацы, у тым ліку вайсковай.

Эрдаган раней заяўляў пра прысутнасць у Лівіі расейскіх вайскоўцаў, ды казаў пра гатовасць скіраваць у Лівію сваіх вайскоўцаў, калі УНЗ папросіць яго аб дапамозе.

Турцыя можа адправіць у Лівію вайсковых спецыялістаў для навучання байцоў УНЗ, а таксама разгледзець магчымасць пастаўкі ў Лівію турэцкіх сістэмаў супрацьпаветранай абароны «Хісар» і «Коркут», падае ТАСС.

На сёння ў Лівіі паралельна існуюць два органа выканаўчай улады: міжнародна прызнаны Урад нацыянальнай згоды (УНЗ) Фаіза Сараджа і часовы кабінет Абдалы Абдурахман ат-Тані, які дзейнічае на ўсходзе краіны супольна з парламентам, і які падтрымліваецца Лівійскай нацыянальнай арміяй генерал-фельдмаршала Халіфы Хафтара.

Hавiны
Лівійскі сябра Крамля гатовы захапіць Трыпалі
2019.04.07 08:52

12 снежня Хафтар абвясціў аб пачатку вырашальнага наступу на Трыпалі.

Яго падтрымліваюць Расея, Егіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ды Іярданія.

Hавiны
Амерыканская газета распавяла пра расейскіх наймітаў у Лівіі
2019.11.06 06:28

Што мяркуюць эксперты

Ілля Куса з Украінскага інстытут будучыні лічыць, што такім чынам рэгіянальная проксі-вайна ў Лівіі выйшла на новы ўзровень.

«У гэты вір з гэтага часу ўцягнутая Турцыя, акрамя ўжо прысутных на месцах Расеі, Эміратаў, Судану, Егіпта, Францыі, Брытаніі, Італіі, Кітаю і ЗША, – піша Куса. – А для Эрдагана адкрыты яшчэ адзін фронт яго асабістай барацьбы за рэгіянальнае лідарства, стратэгічныя нафтагазавыя рэсурсы і перавагі ў гандлі з Захадам».

Эксперт упэўнены, што ў абароне сталіцы Лівіі ад наступу арміі Хафтара турэцкае войска задзейнічае ў тым ліку авіяцыю.

Турэцкія адмыслоўцы мяркуюць, што Анкара пакуль абмяжуецца высылкай вайсковых экспертаў і тэхнікі.

«Спадзяюся, што турэцкія вайскоўцы не могуць самастойна ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях», – кажа былы турэцкі дыпламат Сінан Ульген, які з’яўляецца цяпер старшынём Цэнтру даследаванняў эканомікі і вонкавай палітыкі.

Што кажа Расея

Першы намеснік старшыні камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Дзмітрый Новікаў заявіў у чацвер «Інтэрфаксу», што з’яўленне турэцкіх вайскоўцаў у Лівіі толькі пагоршыць сітуацыю ў гэтай краіне «і наўрад ці будзе садзейнічаць вырашэнню праблемаў», а «самай галоўнаю ахвяраю у гэтых падзеях будзе сам лівійскі народ».

Новікаў адзначыў, што ў сувязі з гэтым »Расеі давядзецца выбудоўваць сваю палітыку на гэтым напрамку з улікам усіх фактараў«.

«Я перакананы ў тым, што нашым дыпламатычным службам зноў давядзецца думаць, як актывізаваць свае намаганні на гэтым напрамку», – дадаў першы намеснік старшыні камітэту.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў