На Дзень Волі – 2019 плануюць шэсце да стадыёну «Дынама»


16 студзеня аргкамітэт падаў заяўку на правядзенне масавай імпрэзы ў Менскі гарвыканкам. Заяўку падалі ад юрыдычных асобаў культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і Партыі БНФ.

Арганізатары мяркуюць, што ў святкаванні 101-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі могуць узяць удзел да 30 тысячаў чалавек. Пра гэта напісаў актывіст Эдуард Пальчыс.

Асноўныя ўрачыстасці прапануюць зладзіць 24 сакавіка, у нядзелю. У сцэнар улучылі шэсце ад вуліцы Кастрычніцкай да стадыёну «Дынама» з мітынгам і канцэртам.

На краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by стартаваў збор сродкаў на правядзенне свята.

«Публічнае адзначэнне 101-ай гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое атрымала народную назву Дзень Волі, пройдзе пад лозунгам «Жыве Незалежная Беларусь». Мерапрыемства скіраванае на нацыянальную кансалідацыю вакол каштоўнасцяў дзяржаўнага суверэнітэту, развіцця ды ўмацавання беларускай нацыі, на прыцягненне ўвагі беларускага грамадства да спадчыны БНР, да неабходнасці нацыянальнага адзінства дзеля абароны незалежнасці Беларусі», – адзначаюць у заяўцы.

Падтрымаць рыхтаванне і правядзенне Дня Волі – 2019 можна на Bnr.by.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары