На Дзень Расеі ў Менск прыедуць пуцінскія «Начныя ваўкі»


У наступную суботу ў Менску адзначаць Дзень шматнацыянальнай Расеі. Свята пройдзе на двух пляцоўках – у Верхнім горадзе і ля Палаца спорту на Нямізе.

Святы, прысвечаныя культуры розных краін, у летні сезон ладзяць у Менску кожныя выходныя. Мінулым разам на Дзень Швецыі запрасілі Loreen, спявачку – пераможцу «Еўрабачання»-2012. Традыцыйна дні культуры арганізуюць амбасады сумесна з Менгарвыканкамам.

Арганізатарамі свята 8 чэрвеня выступаюць: пасольства Расеі і прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі, Менгарвыканкам, Каардынацыйны савет кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў расейскіх суайчыннікаў, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.

Гала-канцэрт ля Палацу спорту пачнецца а 14.00 і працягнецца да 22.00. Чакаюцца выступы «Хору Турэцкага», зоркі расейскай эстрады Ларысы Долінай, а таксама музычныя калектывы з шэрагу расейскіх рэгіёнаў.

На пляцоўцы ў Верхнім горадзе святкаванне працягнецца з 12.00 да 16.00. Тут будуць працаваць інтэрактыўныя зоны: «Русь казачная», «Горад майстроў», «Палявая кухня», «Выстава расейскага аўтапраму», «Культура Расеі», «Расея турыстычная», «Краса Расеі». На Зыбіцкай дзетак будуць катаць на поні.

Дарослым жа прапануюць пакатацца на матацыклах разам з байкерамі з клубу «Начныя ваўкі». Гэта расейскі клуб, чальцы якога актыўна падтрымліваюць палітыку Крамлю. У Беларусі ёсць невялікая філія, вядомая кантактамі з Віктарам Лукашэнкам – сынам кіраўніка дзяржавы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў