«На дрэвах распусціліся ныркі». Прафесар філалогіі пра асаблівасці беларускай мовы ў медыцыне


Віктар Варанец, намеснік дэкана Гарадзенскага медычнага ўніверсітэту, аўтар падручніка «Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў»

Чаму першы афіцыйны падручнік беларускай лексікі ў медыцыне выйшаў толькі зараз, навошта там лацінка і Алексіевіч, а таксама чаму праблемаў з беларускай мовай у лекараў няма? Пра ўсё гэта гутарым з гарадзенскім прафесарам філалогіі Віктарам Варанцом.

Некалькі дзён таму пабачыў свет першы афіцыйны падручнік для студэнтаў медыцыны «Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў». Яго аўтар – гарадзенскі прафесар Віктар Варанец, які 26 гадоў выкладае беларускую мову для студэнтаў Гарадзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. Як распавядае Віктар, менавіта дзякуючы такому вялікаму досведу выкладання, ён адважыўся напісаць падручнік, па якім маглі б займацца студэнты па ўсёй Беларусі.

«Ва ўсіх універсітэтах Беларусі выкладаецца курс «Беларуская мова. Прафесійная лексіка». Адпаведна ў аграрных універсітэтах лексіка сельскагаспадарчая, у медычных – лексіка медычная. І кожны ўніверсітэт рабіў свой дапаможнічак, па якім і навучае студэнтаў. Але не было адзінага, што магло ў будучыні выклікаць непаразуменні. Да прыкладу, студэнт у Віцебску будзе казаць «сцягно», а з Горадні «бядро» і ў выніку яны паміж сабой не дамовяцца. Я вырашыў, што павінен быць адзін падручнік, па якім маглі б займацца ўсе», – кажа Віктар Варанец.

Першы моўны падручнік для медыкаў за 30 гадоў незалежнасці краіны

Падручнік прафесара атрымаў рэцэнзію з Універсітэту Максіма Танка ў Менску, а таксама грыф Міністэрства адукацыі, што і зрабіла яго першым афіцыйным падручнікам па беларускай лексіцы ў медыцыне. Як распавядае спадар Віктар, курс «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» абавязкова выкладаецца ў беларускіх універсітэтах з 1996 года. Дык чаму толькі пасля 30 гадоў з’явілася афіцыйнае выданне падручніка?

«Разумееце, у 90-х усе рабілі слоўнікі, бо ўсё ж такі падручнік зрабіць, не так проста. Трэба, каб аўтар меў сур’ёзны досвед выкладання. І калі ў 96-м годзе пачалі выкладаць беларускую мову ў медычных універсітэтах, то спачатку выкладчыкі самі вучыліся, каб выкладаць. Дый ніхто асабліва не хацеў гэтым займацца. Звычайныя філолагі зрабіць не могуць, бо яны адарваныя ад медыцыны, а медыкі – гэта таксама не іх профіль. Па вялікім рахунку, я і сам раней не ўзяўся б яго рабіць. Усё ж такі зараз мая праца прайшла праверку міністэрства, і так атрымалася, што я аказаўся першым. Магчыма, што проста прыйшоў час на гэты падручнік», – лічыць Віктар Варанец.

Каб не было «кішачных гасцінцаў» і «жоўцевай бурбалкі»

Падставай для падручніка сталі лекцыі, а таксама досвед укладання слоўнікаў беларускай медычнай тэрміналогіі. Яшчэ ў 2005-м годзе Віктар Варанец стварыў «расейска-беларускі слоўнік медычных тэрмінаў». Паводле прафесара, увесь час стаяла пытанне, ці можна выкарыстоўваць беларускую мову ў медыцыне без запазычаных словаў і наватвораў. У выніку з пяці тысячаў сабраных словаў, дзве тысячы аказаліся аўтэнтычнымі беларускімі.

«Калі казаць пра выключна беларускія словы, то першае, што прыходзіць у галаву – «адзёр» – па-расейску «корь», або «пранцы» – па-расейску «сіфіліс». Словы зусім інакш па-беларуску гучаць. А вось «малагалёнкавы» – гэта «малоберцовый», слова «голень» – «галёнка» – на слыху больш блізка да рускай мовы. Ёсць словы, якія па-беларуску могуць гучаць нават больш лагічна: «атлант» – першы пазванок у чалавека ў хрыбетніку, па-беларуску- «першахрыбетка». Адразу падказка, дзе гэта. А вось «цэўка» – па-расейску «уретра» ужо наадварот выклікае пытанні, што гэта», – тлумачыць прафесар.

Таксама адной з прычынаў стварэння падручніка сталіся шматлікія моўныя памылкі, якія часцяком выклікаюць усмешку.

«У Беларусі багата такіх галінаў дзейнасці, дзе чалавек павінен вучыць беларускую мову. І тады людзі пачынаюць карыстацца электроннымі перакладчыкамі, у выніку чаго часам атрымліваюцца вельмі камічныя пераклады. На прыклад «желудочно-кишечный тракт» – 90 адсоткаў перакладае як «страўнікава-кішачны гасцінец» або «желчный пузырь» – большая частка перакладае як «жоўцевая бурбалка», хоць пузыр гэта і ёсць пузыр. Або, як пішуць, што «на дрэвах распусціліся ныркі». Тут увогуле як з апавядання жахаў», – смяецца прафесар.

Казкі на лацінцы і ўрыўкі твораў Святланы Алексіевіч

Падручнік разлічаны на 17 лекцый, якія складаюць адзін семестр вывучэння беларускай медычнай лексікі. У кнізе ўражвае, што кожны занятак разлічаны на тое, каб студэнт даведаўся нешта цікавае пра беларускую мову праз прызму медыцыны.

«Тут ёсць інфармацыя пра паходжанне беларускай мовы і тарашкевіцу. Гэта ў свой час унеслі ў праграму, таму я далучыў казку, напісаную лацінкай. Для многіх студэнтаў – гэта як замежная мова. Яны часта не ведаюць нават, што Янка Купала і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч на лацінцы пісалі. Ёсць прыклады, як весці медычную дакументацыю, каб пасля лекцый медык умеў весці медкартку па-беларуску. Акрамя таго ёсць некалькі ўрыўкаў беларускіх твораў для перакладу. Сярод іх «Аповяд медсястры» Святланы Алексіевіч. Дарэчы, на лекцыях пра яе я пачаў казаць, яшчэ з 15 гадоў таму, калі яна яшчэ не збіралася станавіцца нобэлеўскай лаўрэаткай. Проста ў школе пра яе мала кажуць. А я падбіраў тэксты ўсё ж такі нейкім чынам звязаныя з медыцынай. Ёсць «Хірургія» Кандрата Крапівы, каб было крыху весялей. Ёсць таксама невялікі раздзел прысвечаны гісторыі медыцыны ў Беларусі», – распавядае спадар Віктар.

Беларускія лекары выдумалі гіпс, электратэрапію і былі лепшымі венеролагамі СССР

Каб студэнты ведалі, кім ганарыцца і з каго браць прыклад, у падручніку ёсць цэлы раздзел, прысвечаны заслужаным лекарам, якія паходзілі з Беларусі і пакінулі значны след у сусветнай гісторыі медыцыны.

«Большасць з іх канешне працавалі ў часы Расейскай імперыі і не асабліва акцэнтавалі ўвагу на сваім паходжанні, аднак гэтыя людзі жылі і дзейнічалі на тэрыторыі нашай краіны. А нам сапраўды ёсць кім ганарыцца, пачынаючы з Францішака Скарыны», – кажа аўтар падручніка.

Да прыкладу Яўстафій Іванавіч Багданоўскі (1833-1888 гг.) – знакаміты прафесар хірургіі, да якога належаць словы «Пастаў сябе на месца хворага і тады вырашай, што і як яму рабіць: рэзаць або літаваць, кансерваваць ці бравіраваць». Або Карл Іванавіч Гібенталь (1786-1860гг.), які працаваў у Менску, першым (на 40 гадоў раней за Н. Пірагова) прапанаваў выкарыстоўваць гіпс для фіксацыі пераломаў. Навуковыя артыкулы, прысвечаныя гэтаму адкрыццю, былі змешчаныя ў медычных часопісах Парыжа, Лейпцыга і Рыгі. Стварыў першыя ў Расейскай імперыі прылады для выдалення каменя з мачавога пузыра, іншыя хірургічныя інструменты, што і апісаў у працы «Малюнак і апісанне новых прылад» (1830), шмат зрабіў у такіх галінах як уралогія, магнетычнае лячэнне, лячэнне халеры і інш.

Кандрат Іванавіч Грум-Гржымайла (1794-1874) – дэталёва распрацаваў уласную методыку аперацыі пахвінных кіл. У Магілёве Кандрат Грум-Гржымайла правёў першую на тэрыторыі Расейскай імперыі пластычную аперацыю заячай губы.

Якаў Наркевіч-Ёдка (1848-1905) адкрыў новы метад электрамасажу і электратэрапіі пры лячэнні неўралагічна-хворых. У Рыжскім інстытуце фізіятэрапіі, яго спосаб лячэння электрычнасцю атрымаў назву «сістэма Ёдкі». Адным з першых у свеце стаў выкарыстоўваць электрычнасць для фатаграфавання органаў чалавека.

Андрэй Якаўлевіч Пракапчук (1896-1970) – знакаміты дэрматавенеролаг, які за свае даследаванні і поспехі ў лячэнні венерычных і хвароб скуры быў адзначаны двума ордэнамі Леніна.

Гэта толькі некалькі прыкладаў выбітных ураджэнцаў Беларусі, якія не толькі ратавалі жыцці людзей, але і мелі адвагу рабіць эксперыменты, даследаваць і казаць новае слова ў медычных навуках.

Размаўляць па-беларуску сярод прафесараў медыцыны модна і прэстыжна

Спадар Віктар у сваю чаргу за лёс беларускай мовы сярод лекараў не хвалюецца. Як распавядае прафесар, падчас навучання створаныя ўсе ўмовы, каб студэнт мог у будучыні працаваць па-беларуску.

«Кожны студэнт, хоча ён ці не хоча, павінен вывучыць хаця б лексічны мінімум, каб мог паразумецца з іншым лекарам і хворым. Са сваёй практыкі скажу, што мае студэнты ахвотна вывучаюць родную мову. Аднак на выхадзе, я пытаўся, адсоткаў 70 прызнаюцца, што па-беларуску адказваюць толькі, калі да іх па-беларуску звяртаюцца. Але ж не звяртаецца ніхто. Усе баяцца, што доктар не зразумее, а ён цудоўна разумее. А паспрабуйце загаварыць з многімі нашымі выкладчыкамі і дактарамі, яны адразу з вамі пяройдуць на беларускую мову. Я магу вам назваць дзясяткі прозвішчаў. Зараз увогуле расце прэстыж сярод інтэлігенцыі размаўляць па-беларуску. Я гэта ведаю, бо сустракаюся з людзьмі і шмат звяртаюцца да мяне. Акрамя таго ў нас жа абавязкова, калі чалавек абараняе кандыдацкую дысертацыю, то рэзюмэ да аўтарэферата трэба напісаць па-беларуску. І яны ўсе пішуць. І ў нас усе аспіранты абавязкова вывучаюць беларускую мову і здаюць кандыдацкі экзамен па беларускай мове, інакш не дапускаюцца да абароны кандыдацкай дысертацыі», – распавядае прафесар.

Падручнік Віктара Варанца выйшаў накладам 300 асобнікаў, аднак набыць яго ў крамах не магчыма. Выдавецтва высылае кніжкі толькі на замову ўніверсітэцкіх бібліятэк. Зараз аўтар працуе над новым выданнем Руска-беларускага слоўніка лекавых раслінаў.

«Там 500 слоў – усе лекавыя расліны, таксама паказанні, пры якіх хваробах выкарыстоўваюцца. Хочацца таксама, каб на кожную расліну быў фотаздымак, аднак пакуль што шукаем спонсараў. Так што хутка і фармакалогію ахопім», – кажа Віктар Варанец.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў