На дно следам за Расеяй? Што чакае беларускі рубель у 2019 годзе


Рызыка таго, што Беларусь у 2019 годзе можа сутыкнуцца з імпартам інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў з Расеі, вялікая. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 20 снежня старшыня праўлення Нацыянальнага банку Павел Калаур, паведамляе «TUT.BY».

Для мінімізацыі наступстваў гэтага Нацбанк плануе праводзіць адказную грашова-крэдытную палітыку, а калі гэтых захадаў будзе недастаткова – задзеяць больш шырокі спектр інструментаў. Паводле Паўла Калаура, магчымы рост валацільнасці рубля – плата за недастаткова разнастайны экспарт.

Што датычыць курсу рубля ў канцы 2019 года, дык ён «будзе справядлівы», адзначыў старшыня Нацбанку, але канкрэтных лічбаў не назваў.

Між тым у Расеі ў 2019 годзе курс мясцовай валюты можа істотна аслабнуць адносна долара. Пра гэта ў каментары «Belsat.eu» заявіў расейскі фінансіст, вядоўца праграмы «Грошы» на тэлеканале «Дождь» Арцём Тарчынскі.

«Сусветная эканоміка пачынае запавольвацца. Гэта азначае падзенне цэнаў на нафту, і, адпаведна, расейскі рубель будзе паступова слабнуць. Плюс магчымае ўвядзенне санкцыяў, што таксама негатыўна адаб’ецца на рублі», – адзначыў ён, дадаўшы, што беларуская валюта ў наступным годзе, хутчэй за ўсё, будзе рухацца сінхронна з расейскаю з прычыны моцнай інтэграцыі эканомік дзвюх краінаў.

Днямі ў У Расеі забаранілі паказваць курсы валютаў на вулічных табло. Фота Mikhail Tereshchenko/TASS

Разам з тым суразмоўца не прадбачыць катастрафічных сцэнароў для расейскага рубля. На ягоную думку, курс долара ЗША ў 2019 годзе ў Расеі можа вагацца ў дыяпазоне ад 65 да 80 расейскіх рублёў (паводле стану на 21 снежня долар паводле курсу Цэнтрабанку РФ каштуе 67,37 рубля).

У сваю чаргу беларускі эканаміст, былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч у размове з «Belsat.eu» нагадаў, што ў наступным годзе Беларусь чакаюць вялікія плацяжы па вонкавых і ўнутраных даўгах.

«Калі крэдыты нам дадуць, тая ж Расея, і мы новымі крэдытамі пагасім старыя, дык курс у нас можа быць стабільны. А калі цяжкасці ўзнікнуць у сувязі з тымі праблемамі, якія ў нас наспяваюць з Расеяй, і Расея нас не прафінансуе, не дасць новых крэдытаў для пагашэння мінулых, то тады магчымае значнае абясцэньванне нацыянальнай валюты», – заявіў ён.

Тым не менш, упэўнены Станіслаў Багданкевіч, з дапамогаю рэфінансавання даўгоў Беларусь зможа захаваць стабільнасць на валютавым рынку.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў