На дарогах галалёдзіца, сіноптыкі аб'явілі жоўты ўзровень небяспекі


У паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах чакаецца туман пры бачнасці 100 – 500 метраў. На дарогах галалёдзіца. Белгідрамет папярэджвае пра неспрыяльныя зʼявы надворʼя, якія прагназуюцца 29 лістапада.

У пятніцу, 29 лістапада паветра прагрэецца ад +1 + 6 градусаў, у заходніх раёнах да + 8.

У Менску раніцай дождж, днём невялікі кароткачасовы дождж. Месцамі па горадзе туман. Слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца.

Жыхары Менску адзначаюць, што перамяшчацца ў Менску з учорашняга вечару даволі складана.

 

Бліжэй да абеду сонца прагрэе паветра ў Менску ад +1 да + 2, увечары чакаецца каля чатырох градусаў цяпла. Дарожныя службы таксама адрэагавалі на паніжэнне тэмпературы і распачалі апрацаванне дарогі і пешаходных дарожак супраць галалёдзіцы.

Як паводзіць сябе пры галалёдзіцы?

Дзеля вашай бяспекі ратавальнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях рэкамендуюць не насіць на вуліцы абутак на абцасах, перасоўвацца, не спяшаючыся, наступаючы на ​​ўсю падэшву. Пры гэтым ногі павінны быць злёгку расслабленыя, рукі вольныя.

Пажылым людзям рэкамендуецца выкарыстоўваць кій з гумовым наканечнікам ці адмысловую завостраную палку. Калі Вы паслізнуліся, прысядзьце, каб знізіць вышыню падзення. У момант падзення паспрабуйце згрупавацца і перакаціцца, каб змякчыць удар аб зямлю.

Пры атрыманні траўмы неадкладна звярніцеся ў траўматалагічны пункт або выклікайце хуткую дапамогу.

СК belsat.eu

Стужка навінаў