На дапаможнік «Абаронім мову» трэба сабраць 2000 рублёў


Юрыст Ігар Случак, вядомы як моўны інспектар, і палітэхнолаг Аліна Нагорная падрыхтавалі дапаможнік «Абаронім мову» і збіраюць грошы на яго выданне.

На дадзены момант на сайте сабрана 70 рублёў з 2000 патрэбных для выдання дапаможніка.

«Шмат людзей звяртаюцца да мяне за парадай, што рабіць, калі даюць рускамоўны бланк. Як зрабіць так, каб чыноўнік адказаў па-беларуску. Ці як напісаць зварот, каб беларуская мова з’явілася ў тым ці іншым месцы. Ці на якія артыкулы можна спасылацца пры дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце. Пытанняў вельмі шмат, шмат якія з іх паўтараюцца. Таму ідэя такога кішэннага дапаможніка ўзнікла сама сабой, бо я бачу, што гэта інфармацыя патрэбная і актуальная», – распавёў belsat.eu Ігар Случак.

Аліна Нагорная кажа, што дапаможнік напісаны вельмі простай мовай.

«У «Абаронім мову» не будзе ніякай юрыдычнай тэрміналогіі і іншых рэчаў, у якіх звычайна няма часу разбірацца. Будуць канкрэтныя парады, прыклады і інструкцыі, як абараніць сябе ў выпадку парушэння моўных правоў і як пашырыць нашую беларускамоўную прастору. Кожны, хто падтрымае выданне дапаможніка атрымае экзэмпляр і будзе запрошаны на прэзентацыю, якая пройдзе ў Менску 9 кастрычніка, у дзень народзінаў Ігара», – распавяла Белсату Аліна Нагорная.

СА belsat.eu

Стужка навінаў