На Данбасе пачалося развядзенне сілаў у раёне Пятроўскага


У раёне Пятроўскага распачалася практычная фаза развядзення ад лініі размежавання сілаў і сродкаў украінскай арміі і баевікоў «ЛДНР». Пра гэта ў каментары УНІАН паведаміў начальнік прэс-цэнтра штаба аперацыі Аб’яднаных сілаў Андрэй Агееў.

Ён сказаў, што бакі ўжо пачалі адводзіць тэхніку.

«У 12:01 мы прасігналілі белай ракетай пра тое, што гатовыя да практычнай фазы пачатку развядзенне сілаў і сродкаў», – сказаў Агееў.

Паводле ягоных слоў, прадстаўнікі місіі АБСЕ, якія пастаянна манітораць сітуацыю як фізічна, так і з дапамогай квадракоптэра, пацвердзілі, што праціўнік дзейнічаў сінхронна – гэтак жа прасігналіў белай ракетай.

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе ўзгадніла пытанне аб пачатку адводу падраздзяленняў і тэхнікі у раёне Пятроўскага 9 лістапада ў 12:00. Раней развядзенне паблізу Пятроўскага было запланавана на 8 лістапада, але, як заявілі ў штабе ААС, працэс сарвалі баевікі.

23 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што сустрэча кіраўнікоў краінаў «нармандскага фармату» (Украіна, Расея, Францыя, Германія) адбудзецца пасля развядзення сілаў на трох участках на Данбасе: непадалёк ад станіцы Луганскай, Залатога і Пятроўскага, а таксама пасля спынення абстрэлаў. Развядзенне сілаў у раёне станіцы Луганскай адбылося ў чэрвені, паблізу Залатога – у канцы кастрычніка.

Hавiны
Лідар «ДНР» адказаў на прапанову Лукашэнкі ўвесці на Данбас беларускіх міратворцаў
2019.09.26 20:17

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў