На будаўніцтве БелАЭС – новы кіраўнік


Юрыя Пуставога, які ўзначальваў будаўніцтва Беларускай АЭС з 2012 года, замяніў Віталь Медзякоў, што раней займаў пасаду віцэ-прэзідэнта ў справе праектаў у Расеі.

Кіраўніцтва «Росатому» вызваліла Пуставога ад пасады праз стан здароўя.

Прэзідэнт групы кампаніяў ASE (куды ўваходзіць «Росатом») Валерый Лімарэнка высока ацаніў уклад Пуставога ў беларускі праект:

«Беларуская пляцоўка з’яўляецца ўзорнай з пункту гледжання арганізацыі будаўніцтва. Тут паспяхова і эфектыўна прымяняюцца самыя сучасныя інструменты і тэхналогіі па кіраванні праектамі. І ў гэтым вялікая асабістая заслуга Юрыя Пуставога».

«Узоры» арганізацыі будаўніцтва – надзвычайныя здарэнні ды інцыдэнт на пляцоўцы Астравецкай АЭС.

У ноч на 10-га ліпеня корпус рэактару пераносілі з аднаго месца ў іншае на вышыні некалькі метраў, калі зламаўся падымальны кран. Сам корпус замацавалі з перакосам. Паўгадзіны ён вісеў, нахіляючыся ўсё больш, пакуль не ўпаў на зямлю.

Афіцыйны Менск прызнаў інцыдэнт толькі праз 16 дзён пасля здарэння, заявіўшы, што корпус проста атрымаў некалькі драпінаў. Расейскі падраднік настойваў на нязначнасці здарэння, але пагадзіўся яго замяніць. Мантаж замененага корпуса рэактара АЭС пад Астраўцом пачнуць напрыканцы 2016 года.

ДР belsat.eu, фота: TUT.BY

Стужка навінаў