На берасцейскага актывіста, які выступае супраць заводу АКБ, завялі крымінальную справу за патроны і выбухоўку


Майсей Мазько. Фота b-g.by

Актывіста Майсея Мазька, які ўдзельнічаў у пратэсце супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем, затрымалі па падазрэнні ў незаконным захоўванні патронаў і выбухоўкі. Пра гэта belsat.eu паведаміў праваабаронца Раман Кісляк. 62-гадовы Мазько цяпер змешчаны ў ізалятар.

Паводле папярэдняй інфармацыі ад праваабаронцы, супраць актывіста распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу – «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнявой зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Максімальнае пакаранне па ім – да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Як распавёў Кісляк, сілавікі затрымалі актывіста ўчора ўвечары, ноччу з яго ўзялі тлумачэнні і адправілі ў ізалятар. Раніцай 3 красавіка ў доме Мазька ў вёсцы Тэльмы правялі вобшук. Працэсуальны статус Мазька на гэты момант – падазраваны, абвінавачванне пакуль не выстаўленае. Афіцыйных каментароў праваахоўных органаў пакуль не было.

Майсей Мазько, сябар ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу АКБ, 2 красавіка быў спынены ДАІ, пасля чаго ў ягонай машыне супрацоўнікі міліцыі знайшлі чорны пакет, а ў ім – прадметы, падобныя да патронаў. Пазней там жа міліцыянты знайшлі выбухоўку і ўзрывальнік.

Працаўнікі міліцыі і Следчага камітэту працуюць на дарозе, дзе была спыненая машына Майсея Мазька. Фота: «Белсат»

«Відавочна, гэта ўсё было падкінутае ў машыну Мазька міліцыянтамі. Яны нешта доўга шукалі, праглядалі рамяні бяспекі, хаця звычайна ДАІ ніколі такога не робіць. Вельмі непраўдападобна! Яны нават не маглі дакладна патлумачыць, навошта праводзіць пільны агляд аўта – казалі толькі, што ў Высокім нібыта раней знікла падобная машына», – кажа Раман Кісляк.

Ён сцвярджае, што супраць Мазька была здзейсненая правакацыя праз удзел у пратэсце.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і сваякі Мазька.

«Наша сям’я лічыць, што гэта правакацыя, звязаная з пратэстам супраць заводу», – сказала belsat.eu Ірына Мазько, нявестка актывіста.

***

Пратэст супраць будаўніцтва заводу трывае з зімы мінулага году: штонядзелі жыхара Берасця і прылеглых вёсак выходзяць на галоўную плошчу горада, каб выказаць сваю нязгоду.

Кампанія «АйПаўэр» належыць бізнесоўцу Віктару Лемашэўскаму, які сцвярджае, што акумулятарным бізнесам займаецца ўжо 20 гадоў. Сродкі на будаўніцтва заводу – гэта крэдыт, які Лемашэўскі атрымаў ад Банку развіцця Беларусі па крэдытнай лініі, адкрытай Пекінам для Менску. Галоўным падрадчыкам праекту выступае Аньхойская будаўнічая карпарацыя. Сума інвестыцыяў складае па розных ацэнках ад 26 да 28 млн долараў. Першыя акумулятары «АйПаўэр» меўся выпусціць яшчэ ўвосень 2018 году.

Адкрыццё акумулятарнага заводу ў Берасці чакаецца неўзабаве. Дата адмыслова не анансуецца – імаверна, каб не выклікаць новую хвалю пратэстаў.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары