На Берасцейшчыне на пасяўную не хапае ўгнаенняў і працоўнай сілы


24 сакавіка на паседжанні Берасцейскага аблвыканкаму чыноўнікі канстатавалі, што вобласць не гатовая да пасяўной.

Прадпрыемствы берасцейскага АПК спадзяюцца на дапамогу ад гарадскіх арганізацыяў. Кіраўнік аблвыканкаму даручыў старшыням гарвыканкамаў ды райвыканкамаў абмеркаваць план уратавання пасяўной з кіраўнікамі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацыяў.

Паводле стану на 24 сакавіка 30 % гаспадарак не ўзаралі восенню неабходныя плошчы пад пасевы, што павялічвае нагрузку ў вясновы перыяд. Самастойна берасцейскія гаспадаркі не ў стане справіцца з такім абʼёмам працы, заявілі чыноўнікі на паседжанні аблвыканкаму.

Мясцовыя чыноўнікі прызналіся, што забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі пад яравую сяўбу на сёння складае 46 %. На мінеральныя ўгнаенні да канца траўня будзе накіравана Br 406 млрд. Гаруча-змазачныя матэрыялы будуць набывацца на сродкі таварнага крэдыту.

На паседжанні адзначылі, што ў параўнанні з мінулым годам фінансавая сітуацыя ў аграрным сектары больш складаная і патрабуе аператыўнага вырашэння пытанняў эфектыўнага выкарыстання грашовых і матэрыяльных рэсурсаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў