На Берасцейшчыне чатыры школы пасярод навучальнага года пазбаўляюцца дырэктараў


Падлік галасоў за зачыненымі ад незалежных назіральнікаў дзвярыма.
Фота: «Белсат»

У Бярозаўскім раёне Берасцейскай вобласці на гэтым тыдні звальняюць дырэктараў чатырох школаў. На выбарчых участках дзвюх з гэтых школаў перамагла Святлана Ціханоўская. Начальнік аддзелу адукацыі Бярозаўскага раёну ў размове з журналістамі выказаў думку, што настаўнікі напісалі заявы на звальненне паводле ўласнага жадання – «напэўна, стаміліся» і «ніхто іх не звальняе». Belsat.eu разбіраўся, з чым звязаныя настолькі раптоўныя звальненні.

Здзітаўская сярэдняя школа

Віталь Паўлавіч Жуковіч пазбаўляецца сваёй пасады, паводле чытачоў, хутчэй за ўсё за тое, што падчас прэзідэнцкіх выбараў збіраў подпісы за Віктара Бабарыку. Сам дырэктар распавёў TUT.BY, што 24 снежня – ягоны апошні працоўны дзень, але ён планаваў працаваць і не меў планаў звальняцца са школы.

Выпускнікі школы ды бацькі заступіліся за Віталя Жуковіча і стварылі петыцыю з патрабаваннем захаваць дырэктара на працоўным месцы.

Віталь Жуковіч

«Мы, калектыў, бацькі, мясцовая супольнасць вёскі, партнёры Здзітаўскай СШ ды іншыя грамадзяне, глыбока перакананыя, што звальненне дырэктара Жуковіча Віталя Паўлавіча супярэчыць здароваму сэнсу і, мяркуем, парушае канстытуцыйныя правы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, – пішуць неабыякавыя ў петыцыі. – Віталь Паўлавіч за час працы ў школе зарэкамендаваў сябе прафесіяналам, сапраўдным патрыётам».

На момант публікавання матэрыялу петыцыю падпісалі 265 чалавек.Сам Віталь Жуковіч у каментары радыё «Свабода» сказаў: «Я зацікаўлены і хачу працаваць на пасадзе дырэктара, мяне падтрымлівае калектыў і мясцовая супольнасць, яны бачаць нашую працу. Я працую дырэктарам ужо каля 14 гадоў. І тое, што, маўляў, адначасова «стаміліся« чатыры дырэктары Бярозаўскага раёну, не вытрымлівае крытыкі. Не стаміліся, ніводзін з дырэктараў школаў не стаміўся».

Бярозаўская базавая школа імя Застаўнага

Іна Васільеўна Жуковіч – дырэктарка ды настаўніца англійскае мовы Бярозаўскае базавае школы імя Застаўнага – была старшынёю выбарчае камісіі падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На ейным участку перамагла Святлана Ціханоўская.

Сама Іна Жуковіч каментаваць сваё звальненне адмовілася.

Даведка

Сярэдняя школа №3 Белаазёрску

Пастанавіла не каментаваць свайго звальнення і дырэктарка сярэдняе школы № 3 Белаазёрску Святлана Уладзіміраўна Карповіч. Яна таксама была старшынёю выбарчае камісіі, на ўчастку якой перамагла Святлана Ціханоўская.

Сярэдняя школа № 1 г. Бяроза

Адзіны з чацвярых, хто яшчэ не напісаў заяву паводле згоды бакоў, – гэта дырэктар сярэдняе школы № 1 г. Бяроза Мікалай Васілевіч Жуковіч. У каментары TUT.BY Мікалай Жуковіч распавёў, што не бачыць падставаў пісаць заяву на звальненне і не ведае, якія да яго могуць быць прэтэнзіі.

Тым часам бацькі вучняў і выпускнікі збіраюць подпісы для падтрымання дырэктара.

«17 снежня з розных крыніц мы выявілі, што прынятая пастанова аб звальненні Жуковіча Мікалая Васілевіча – дырэктара школы, дзе вучацца і вучыліся нашыя дзеці. Нас гэтая навіна збянтэжыла і абурыла. Мы не можам быць іншымі назіральнікамі і хочам абараніць гонар і годнасць гэтага чалавека, які аддае ўсё сваё жыццё і энергію роднай школе, дзе Мікалай Васілевіч працуе ўжо больш за 25 гадоў», – гаворыцца ў петыцыі бацькоў СШ № 1 г. Бяроза.

Зварот адрасаваны старшыні райвыканкаму Сяргею Барташу, а копіі плануюць даслаць начальніку Галоўнага ўпраўлення адукацыі Берасцейскага аблвыканкаму Юрыю Прасмыцкаму і міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку.

Адзін з выпускнікоў Бярозаўскае школы Аляксей Масеціч падзяліўся з «Белсатам» сваймі ўспамінамі пра Мікалая Жуковіча: «Спадар Жуковіч быў сябрам БНФ у 90-я, партыю пакінуў праз ціск з боку ўладаў, але сваёй «свядомасці» не надта хаваў да 2006-га. Памятаю, як аднойчы мы з парай маіх аднакласнікаў разгарнулі нацыянальны сцяг на чале шэсця падчас святкавання афіцыйнага Дня беларускага пісьменства ў Бярозе. Гэта быў 2008-ы. Мы паспелі прайсці са сцягам колькі дзясяткаў метраў, калі да нас пачалі падбягаць абураныя ідэолагі з гарвыканкаму ды са школаў. Калі яны пачалі клікаць міліцыю, я хутка схаваў сцяг у торбу. Спадар дырэктар заўважыў наш учынак, але нічога не сказаў, а мы неяк пазбеглі кантакту з міліцыяй. Усё адбывалася ў нядзелю, і ў панядзелак на нейкім з урокаў у дзверы пагрукалі – гэта быў дырэктар. Я чакаў на ягоную адмоўную рэакцыю, і яна сапраўды была, але адносна не нашага ўчынку, а канкрэтна маіх паводзін. Ён выказаў незадаволенасць тым, што я «без належнай павагі, неахайна запхаў сцяг у торбу замест таго, каб з годнасцю скласці яго». І ў гэтым увесь Мікалай Васілевіч. Ён вельмі прыстойны чалавек».

МД belsat.eu

Стужка навінаў