На Берасцейшчыне адпрацоўваюць «сірыйскі вал» і рэжым ваеннага становішча

ВІДЭА

Начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сілаў генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч заявіў, што на палігоне «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічам беларускія вайскоўцы адпрацоўваюць «сучасныя спосабы і метады вядзення баявых дзеянняў». Акрамя таго, армія сумесна з ўнутранымі вайскамі МУС адпрацуе рэжым ваеннага становішча.

Нагадаем, 23-27 красавіка пад кіраўніцтвам намесніка міністра абароны Сяргея Патапенка пад Баранавічамі праводзіцца паказное тактычнае вучэнне з удзелам 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады.

«У ходзе заняткаў сёння адпрацоўваюцца сучасныя спосабы і метады вядзення баявых дзеянняў. Мы не стаім на месцы – аналізуем усе, што адбываецца падчас апошніх міжнародных узброеных канфліктаў, і тое, што прымальна для нас, бярэм на ўзбраенне. Напрыклад, такія спосабы вядзення баявых дзеянняў, як сірыйскі вал, агнявая або танкавая карусель. Усё гэта дасць магчымасць значна павысіць эфектыўнасць ужывання частак і падраздзяленняў нашых Узброеных Сілаў», – распавёў Андрэй Некрашэвіч.

«Сірыйскі вал» – гэта ўзвядзенне земляных насыпаў, якія дазваляюць тэхніцы весці агонь з укрыцця. Гэтая тактыка актыўна выкарыстоўваецца падчас сірыйскага канфлікту. «Танкавая карусель» – гэта калі танкі страляюць па ворагу бесперапынна, змяняючы адзін аднаго.

Акрамя гэтага, падчас вучэнняў будзе адпрацаванае падтрыманне рэжыму ваеннага становішча ў цесным узаемадзеянні з падраздзяленнямі ўнутраных войскаў МУС.

«Сёння ў адным месцы сабраны практычна ўсе сродкі агнявога паражэння, нават такія як агнямётнае падраздзяленне», – рэзюмаваў Андрэй Некрашэвіч.

У вучэннях прымаюць удзел больш за 1 тыс. вайскоўцаў Узброенных Сілаў, 30 танкаў, 50 баявых браніраваных машын і 15 гармат артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню.

Нагадаем, у сакавіку-красавіку ў Беларусі паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі адбылася маштабная праверка Ўзброенных сілаў. Праверка ўключала ў сябе правядзенне вучэнняў з баявой стральбою (у тым ліку на палігоне «Абуз-Лясноўскі»), фармаванне асобнай механізаванай брыгады ды іншыя мерапрыемствы. З запасу прызываліся да 2 тыс. ваеннаабавязаных, у тым ліку жанчыны.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары