На Берасцейшчыне адразу на 10% падаражэў праезд у грамадскім транспарце


На пяць капеек болей з сённяшняга дня прыйдзецца заплаціць берасцейцам за праезд у гарадскім аўтобусе або тралейбусе.

З 30 лістапада адна паездка ў грамадскім транспарце будзе каштаваць 55 капеек замест 50 раней. У кіроўцы адзін квіток каштуе цяпер 65 капеек. Таксама павысіўся кошт месячных і дэкадных праязных квіткоў. За праязны на адзін від транспарту прыйдзецца заплаціць 24.75, а месячны сумесны квіток на аўтобус і тралейбус абыдзецца ў 33.03 рублёў. Апошні раз праезд на грамадскім транспарце ў Берасці даражэў в кастрычніку 2017 года, тады кошт квіткоў стаў даражэй зноў жа на 10%.

З 30 лістапада квіток на аўтобус ці тралейбус у Берасці падаражэў на 10%

А ў Віцебскай і Гарадзенскай вобласцях праезд на грамадскім транспарце ўзняўся на тыя ж 10% яшчэ 28 лістапада. У бліжэйшыя дні варта чакаць падаражэння праезду ў грамадскім транспарце жыхарам Менскай і Магілёўскай вобласці.

Безумоўна рост коштаў на праезд звязаны з падаражэннем паліва. За апошні год паліва ў Беларусі даражэла ўжо 25 разоў. Апошняе падаражэння адбылося 25 лістапада. Як і мінулымі разамі, паліва вырасла ў цане на адну капейку. Такім чынам, цяпер цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складае 1,42 рубля, АІ-95-К5-Еўра – 1,52 рубля, АІ-98-К5-Еўра – 1,73 рубля, дызельнага паліва – 1,52 рубля.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў