«На беларускамоўныя лісты адказвайце па-расейску – вас не пакараюць»: Случак пра казус Быстрай


Суддзя Аксана Зоткіна не пакарала за ігнараванне дзяржаўнай мовы кіраўнічку футбольнага клубу «Граніт».

Марына Быстрая ў перапісцы з каардынатарам грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігарам Случакам заявіла, што клуб з Мікашэвічаў будзе выкарыстоўваць расейскую мову замест беларускай – і адказала Случаку не на мове звароту (як таго патрабуе закон).

Пасля некалькіх лістоў у Лунінецкі райвыканкам чыноўнікі адказалі Случаку, што на спадарыню Быструю завялі адміністратыўны пратакол паводле артыкулу 9.13 («парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў»).

«Пастанова суду, аднак, паказала, што на практыцы артыкула 18 закону «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асоб», паводле якой адказ на пісьмовы зварот павінен давацца на мове звароту, – мёртвы», – кажа Ігар Случак «Белсату».

«Такую пастанову сёння прыняў бы любы суд Беларусі, бо справа ў тым, што да 27 жніўня 2013 году гіпотэза артыкулу 9.13 КаАП гучала як «Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў», і ў адпаведнасці з ёй можна было прыцягваць да адказнасці за адказ на пісьмовы зварот не на мове звароту, – распавёў Белсату Ігар Случак. – Пасля ў артыкул дадалі пералік канкрэтных парушэнняў, у які норма пра тое, што адказ на пісьмовы зварот павінен давацца на мове звароту, не трапіла».

«Такая сітуацыя нараджае прававы нігілізм, бо, напрыклад, калі браць справу Дзмітрыя Шчарбатых, першага грамадзяніна, якога прыцягнулі да адказнасці паводле арт. 9.22 «Парушэнне заканадаўства аб мовах», гэты артыкул не працаваў 17 год толькі таму, што ніхто ім не карыстаўся, а калі прэцэдэнт узнік, то норма запрацавала», – заяўляе Случак.

«У выпадку ж з арт. 18 закона норму пра пісьмовы адказ на мове звароту можна не выконваць – ніякай санкцыі за гэта парушэнне не прадугледжана, – кажа Случак. – Таму б я рэкамендаваў расейскамоўным установам не адказваць на беларускамоўныя звароты па-беларуску і не напружваць сваіх справаводаў – ніякага пакарання за гэтае парушэнне вы не панясеце».

На думку Случака, артыкул 18 закону «Аб зваротах грамадзянаў» пачне працаваць, а правы як беларускамоўных, гэтак і расейскамоўных беларусаў будуць абароненыя толькі калі гіпотэзу арт. 9.13 КаАП разбудуюць кваліфікуючым складам «адказ на пісьмовы зварот не на мове звароту».

«Наколькі ведаю, у сённяшнім Парламенце ёсць два дэпутаты ад ТБМ, – кажа Случак (насамрэч, адзін. – Заўв. «Белсат»). – І спадзяюся, яны паспрыяюць знікненню гэтага прабелу ў заканадаўстве аб адміністратыўных правапарушэннях».

СА

Стужка навінаў