На беларускай мяжы вялікія чэргі: расейцы на навагоднія вакацыі паехалі ў Еўропу

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляе пра вялікія чэргі ў пунктах пропуску на выездзе з краіны. Прычына – вялікі паток грамадзянаў Расеі, якія жадаюць выехаць праз Беларусь у Еўропу на навагоднія вакацыі.

Паводле памежнікаў, 31 снежня – 1 студзеня назіралася зніжэнне колькасці тых, хто выязджаў з Беларусі. Аднак цяпер паток асобаў, якія выязджаюць з Беларусі, больш чым у два разы перавысіў лік тых, хто ўязджае ў краіну.

«Ля пунктаў пропуску зноў з’явіліся чэргі. Аснову пасажырапатоку склалі грамадзяне Расеі. На час выходных, якія ў суседзяў працягнуцца да 8 студзеня, многія расейцы вырашылі адправіцца ў краіны Еўропы праз Беларусь. Усяго з пачатку года памежнікі аформілі больш за 140 тысяч грамадзянаў, 70 % з якіх – грамадзяне Расеі», – паведамляе ДПК.

Да поўдня 3 студзеня перад пунктамі пропуску на літоўскім напрамку сваёй чаргі чакаюць каля 260 легкавых аўто, на польскай – да 390. На мяжы з Латвіяй і Украінай чэргаў не назіраецца.

Па стане на 14:00 на мяжы з Літвою ў памежным пункце «Каменны лог» у чарзе стаіць больш за 100 аўтамабіляў, у «Лошы» – больш за 70, у «Котлаўцы» – больш за 70, у «Беняконі» – больш за 60, у «Прывалках» – больш за 30.

На мяжы з Польшчай у пункце «Брузгі» стаіць у чарзе больш за 180 аўтамабіляў, у «Бераставіцах» – больш за 90, у «Пясчатках» – больш за 60, у «Берасці» – больш за 120, у «Дамачова» – больш за 30.

Нагадаем, што ў з 1 па 8 студзеня 2020 года Расеі выходныя.

Дзяржпагранкамітэт папярэджвае, што па завяршэнні калядных вакацыяў турысты будуць вяртацца дадому, і рост пасажырапатоку чакаецца ўжо на ўезд у Беларусь.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама