На беларуска-ўкраінскай мяжы захраслі больш за тысячу паломнікаў


Дзясяткі тысяч юдэяў-хасідаў штогод накіроўваюцца ва ўкраінскі горад Умань, каб ушанаваць памяць цадзіка Нахмана. Але сёлета пандэмія ўнесла свае карэктывы: больш за тысячу людзей захраслі на мяжы, паведамляе суполка «ЧП Гомель».

Сотні юдэяў захраслі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Фота: «ЧП Гомель»

Амаль тысяча чалавек на мяжы

Сёння ўначы на беларуска-ўкраінскай мяжы захраслі каля тысячы паломнікаў з Ізраілю, якія накіроўваліся ва ўкраінскую Умань. Беларускую мяжу яны прайшлі без праблем, перашкоды ўзніклі на ўкраінскім баку. Цяпер на пункце пропуску Новая Гута знаходзіцца каля 800 грамадзянаў Ізраілю, якія належаць да юдаізму хасідызму.

Артадаксальныя іўдэі.
Фота: pixabay.com

Як паведаміў «Белсату» афіцыйны прадстаўнік дзяржпагранкамітэту Антон Бычкоўскі, усе грамадзяне Ізраілю былі аформленыя на выезд з Беларусі, але сумежны бок не прапускае іх праз уласныя абмежаванні. Яшчэ прыкладна сто чалавек захраслі на памежным пункце пропуску «Махро», што ў Пінскім раёне.

Справа ў тым, што Украіна закрыла свае межы на ўезд для замежнікаў да 28 верасня. Авіязлучэнне паміж Украінаю ды Ізраілем было спыненае. Менавіта таму паломнікі пастанавілі ехаць праз тэрыторыю Беларусі, якая сваіх межаў не закрывала.

Украіна не прапускае

«Замежныя грамадзяне працягваюць заставацца на тэрыторыі Беларусі паміж украінскім і беларускім пунктамі пропуску пасля ўзычання ім усіх неабходных тлумачэнняў ад украінскіх памежнікаў. У той жа час ДПСУ была вымушаная абмежаваць праезд транспартавых сродкаў і грамадзянаў у пункце пропуску «Новыя Ярылавічы», улічваючы, што вялікая колькасць замежнікаў, фактычна на праезнай частцы, ускладняе рух аўтамабіляў і можа паставіць пад пагрозу жыццё грамадзянаў», – гаворыцца на афіцыйнай старонцы памежнага камітэту Украіны.

Украінскія памежнікі перашкаджаюць патрапіць на тэрыторыю Украіны хасідам. Крыніца: dpsu.gov.ua

Цяпер усе транспартавыя сродкі, што ідуць з Украіны ў Беларусь, перанакіроўваюцца ў іншыя пункты пропуску.

Памежны камітэт Беларусі зазначае, што ўсе паломнікі могуць вярнуцца на тэрыторыю Беларусі.

«Мы гатовыя ў аператыўным парадку аформіць іх, каб перадухіліць затрыманні і нязручнасці, бо сярод паломнікаў ёсць дзеці, а таксама шмат людзей сталага веку», – тлумачыць Антон Бычкоўскі.

  • Усе юдэі, якія вызнаюць хасідызм, лічаць сваім абавязкам пабываць на магіле цадзіка Нахман – бо вераць, што гэта дапаможа зрабіць год шчаслівым.
  • Штогод некалькі дзясяткаў тысяч чалавек прыязджаюць ва Умань. Напрыклад, у 2018 годзе колькасць паломнікаў дасягнула 100 тысячаў чалавек.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў