На беларуска-польскай мяжы захрасла фура са змучанымі тыграмі


Тыграў везлі ў расейскія цыркі. Ілюстратыўны здымак – Аляксандр Ярмочанка/Reuters/Forum

Фуру з дзевяццю тыграмі, якія ехалі з Італіі ў Дагестан, ветэрынары не пусцілі ў Беларусь праз адсутнасць усіх неабходных дакументаў. Паводле прадстаўнікоў Познаньскага заапарку, які цяпер займаецца ратаваннем тыграў, жывёліны вычарпаныя, пакутуюць ад голаду і смагі.

Жывёліны перабываюць закрытыя ў скрынях ад 7 да 11 дзён, паведаміла «Белсату» прэсавая сакратарка Познаньскага заапарку Малгажата Хадыла.

«Гэта не можа гэтак выглядаць. Транспартаванне жывёлінаў паміж заапаркамі выглядае іначай», – дадала Малгажата Хадыла.

28 кастрычніка да дырэкцыі Познаньскага заапарку з просьбай аб дапамозе звярнулася Галоўная ветэрынарная інспекцыя Польшчы.

Пасля гэтага заапарк адправіў на мяжу каманду сваіх працаўнікоў, каб дапамагчы жывёлінам, чые жыццё пад пагрозаю.

«У гэтай камандзе ёсць ветэрынар. Мы падрыхтаваныя да таго, каб транспартаваць ад двух да чатырох жывёлінаў, і даць ім прытулак на некалькі дзён, каб ратаваць іхнае жыццё. Не ведаю, што будзе з рэштай жывёлінаў і якім чынам мы можам ім дапамагчы», – дадала прадстаўнічка заапарку.

Тое, ці ў Познань адправяцца два або чатыры тыгры, будзе залежыць ад таго, ці жывёліны могуць быць с сабой разам.

«Мы ведаем, што там сем самак і адзін самец. Другі самец ужо нежывы. Такую інфармацыю мы маем ад чыноўнікаў. Праз пытанні бяспекі, такія тэрытарыяльныя жывёлы павінныя быць асобна. Калі яны не змогуць быць разам, мы зможам узяць толькі двух тыграў, бо ў нас толькі два боксы», – дадала Хадыла.

22 кастрычніка тыгры выехалі з Італіі ў Расею.

25 кастрычніка машына з тыграмі спрабавала патрапіць у Беларусь, але мусіла вярнуцца ў Польшчу, бо двое італьянцаў, якія суправаджалі груз, не мелі беларускіх візаў, падае «Tut.by».

На наступны дзень кіроўца-расеец ізноў паспрабаваў уехаць на тэрыторыю Беларусі, аднак інспектары ветэрынарнай службы пункта пропуску «Казловічы» праз адсутнасць неабходных дакументаў прынялі рашэнне вярнуць іх у Польшчу.

«Адна з праблемаў заключалася ў тым, што нам была прадстаўленая для афармлення копія [а не арыгінал] ветэрынарнага сертыфікату італьянскай ветэрынарнай службы. Акрамя таго, было выяўлена неадпаведнасць па атрымальніку ветэрынарнага сертыфікату і няправільна ўказаны нумар машыны. Таму было прынятае рашэнне аб вяртанні грузу на сумежную тэрыторыю», – растлумачыў начальнік Берасцейскага памежнага кантрольнага ветэрынарнага пункту Дзмітрый Вярэніч.

Цяпер стан тыграў пагаршаецца з кожнай гадзінай. Паводле прадстаўнікоў Познаньскага заапарку, жывёліны пакутуюць ад голаду і смагі.

Паводле газеты «Wyborcza», у чаканні на дапамогу ветэрынараў тыграў кармілі курыцай з крамаў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў