На БелАЭС адбыўся пажар


Чарговае сур’ёзнае здарэнне адбылося на будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Пра гэта распавядае актывіст Мікалай Уласевіч.

Уласевіч сцвярджае, што 18 лютага 2018 году адбыўся пажар электрашчытавой аварыйнай сістэмы абароны рэактара. Здарэнне адбылося падчас пробнага запуску абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара. Актывіст вёў уласнае расследванне інцыдэнту і таму паведаміў пра інцыдэнт толькі цяпер.

Як паведамілі Уласевічу відавочцы, шчытавая выгарэла цалкам. На сённяшні дзень у памяшканні шчытавой зроблены рамонт і ўсталявана новае абсталяванне.

МНС не пацвярджае, што адбыўся сур’езны пажар.

 

Раней Уласевіч паведамляў пра розныя здарэнні на будоўлі АЭС, усе з іх пацвердзіліся. Варта ўзгадаць хаця б гісторыю з пабітым корпусам рэактару, які пасля апублічвання інфармацыі замянілі на іншы. Што праўда, яго таксама пабілі аб слуп, пакуль везлі на будоўлю.

«Пасля тых буйных здарэнняў інфармацыю сталі моцна скрываць і ўвялі жорсткія меры, каб гэтая інфармацыя не выходзіла за межы будоўлі», – сцвярджае актывіст.

З ягоных словаў, людзі маўчаць, бо, па-першае, баяцца, а па-другое, не вераць у свае сілы. Кажуць, што ўсё роўна на сітуацыю яны ніяк не паўплываюць.

 

Уласевіч заклікае людзей не быць абыякавымі да праблемы і прыняць удзел у Чарнобыльскім шляху, які адбудзецца заўтра а 18-00 у Менску.

«Чарнобыльскі шлях павінен змяніцца шляхам Астравецкім. Асабліва пасля ўчорашніх заяваў Лукашэнкі», – лічыць Уласевіч.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка абураўся, што яму ніхто дагэтуль не паведаміў «як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны». Тым часам Літва ўжо заявіла пра тое, што электраэнергію з беларускай АЭС яны купляць не будуць і зробяць усё магчымае, каб электраэнергія з беларускай АЭС або іншых падобных небяспечных электрастанцыяў не магла трапіць на рынак Еўразвязу. Бліжэйшым часам літоўцы пачынаюць дэмантаж усіх лініяў электраперадачаў, якія злучаюць літоўскую энергасістэму з Беларуссю.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары