«На барыкадах будзем стаяць!» Гарадзенцы супраць зносу 32 дамоў


Даліна Гараднічанкі – маляўнічае месца ў цэнтры Горадні і месца жыхарства для гаспадароў 32-ух прыватных дамоў. Прыватны сектар хочуць зліквідаваць. Планы ўладаў выклікалі пратэст людзей.

Некаторыя дамы выглядаюць закінутымі, але гэта – абсалютная меншасць. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Даліну рачулкі Гараднічанкі, якая ўпадае ў Нёман, здаўна плануюць зрабіць зонаю адпачынку. Упершыню ідэя паўстала яшчэ ў 1930-х, пасля – за часамі СССР. Цяпер – планы маюць абрысы. Гарадскія ўлады паставілі людзям ультыматум: цягам двух гадоў давядзецца з’ехаць, бо дамы пойдуць пад знос.

Рэчышча Гараднічанкі шмат у якіх месцах сапраўды выглядае занядбаным. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сёлета ў лютым мясцовыя медыі пісалі, што тут будзе працяг зоны адпачынку – «Швейцарскай даліны». Начальнік аддзелу тэхнагляду за будаўніцтвам, рамонтам і ўтрыманнем аб’ектаў добраўпарадкавання Гарадзенскага ЖКГ Дзяніс Конан казаў, што распрацоўваецца праект добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі. Справай займаецца Гроднаграмадзянпраект.

Большасць дамоў дагледжаныя: такія сядзібы ніхто не хоча згубіць. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Мясцовыя жыхары атрымалі апавяшчэнні, каб нічога больш не будавалі і не садзілі. А ў прыватны сектар наведваюцца госці, якія фатаграфуюць і мераюць участкі для будучай «ацэнкі» іхнае вартасці. Карэспандэнты Belsat.eu таксама ўзброіліся фотаапаратам пацікавіліся ў тутэйшых, ці гатовыя яны да пераменаў?

Рэчышча Гараднічанкі шмат у якіх месцах сапраўды выглядае занядбаным. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Дзе перамены, там чуткі

«У мяне тут гарод, – распавядае спадарыня Яніна, – Цяжка, канешне, шкада зробленага і збудаванага. Добра, у нас толькі гарод, а далей дык дамы цалкам добрыя. Людзі ўсё жыццё пражылі. У паштовыя скрыні кідалі лісты, каб нават дровамі ўжо не запасаліся… Кажуць, што людзям узамен будуць даваць кватэры. Але чуткі ходзяць, што на гэтым месцы катэджы збудуць! Ясна, месца ж якое!»

Спадарыня Яніна мае гарод на горачцы насупраць Старога замку. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Спн. Яніна дадае, што спачатку варта было б хаця б рэчышча Гараднічанкі пачысціць. Тут сапраўды багата і побытавага смецця, і будаўнічага – вялізных кавалкаў бетону і трубаў. Часткова гэта наступствы паводкі 2014-га года, пасля якой гарадскія ўлады не выдаткавалі грошай на чыстку ракі.

Рэчышча Гараднічанкі – гэта яшчэ і экасістэма, дзе жывуць і рыбы, і бабры. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Змяніць дом на кватэру

Крыху далей бачым вялізную драўляную сядзібу. Уласніца, спадарыня Таццяна кажа, што дому ўжо 100 гадоў. Нягледзячы на сумныя навіны, гаспадыня наводзіць парадак на падворку.

«Нам прапанавалі або кватэру ўзамен, або кампенсацыю, – кажа спн. Таццяна, – Мы пыталіся, ці магчымы раўназначны абмен, то бок будынак і зямлю ў іншым месцы. Кажуць, што ў рысе гораду такіх магчымасцяў няма… Ацэньшчыкі прыходзілі, глядзелі. Тут дом жа вялікі, цэнтр гораду. Але ж ясна, што ацэняць на сваю карысць, а не на нашую».

Таццяна не гатовая мяняць дом у цэнтры на кватэру ў Грандзічах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле жанчыны, зносіць збіраюцца ажно 32 дамы і яна сумняецца, што ўлады сумленна адшкадуюць сродкі, праўдзіва ацэняць сядзібы і зямлю.

«Канешне, я не гатовая мяняць дом тут на кватэру ў якіх Грандзічах на ўскрайку, – працягвае гаспадыня, – Мы тут звыкліся ўжо. У дачкі маёй кватэра ў панэльным блоку, дык я там не магу знаходзіцца. Не камфортна мне і ўсё. Паветра няма. Тут – іншая справа».

Зусім побач – Стары замак, які зараз адбудоўваюць. Хто адмовіцца ад сядзібы з такім відам з вакна? Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Будуць барыкады

У наступным падворку – ужо дабротная камяніца пачатку мінулага стагоддзя. На фасадзе пазначаны 1909-ы год пабудовы ды крыж, што некалі быў і абярэгам і адзнакаю таго, што тут жывуць хрысціяне. Дзверы адчыняе жанчына гадоў 80-ці – Алена Іванаўна. Фатаграфавацца гаспадыня наадрэз адмаўляецца (журналісты дзяржмедыяў да яе ўжо прыходзілі), а вось пра сваё стаўленне да праблемы распавесці гатовая.

Утульная радавая камяніца спадарыні Алены Іванаўны, якая сама адмовілася фатаграфавацца. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Мы катэгарычна супраць зносу! Рабілі, добраўпарадкавалі, сваёй працаю ўсё. Нам кватэра не патрэбная! У нас зямля ў цэнтры гораду, а тут – кватэру! Будзем ваяваць да апошняга… Мы яшчэ на барыкадах будзем стаяць!»

Утульная радавая камяніца спадарыні Алены Іванаўны, якая сама адмовілася фатаграфавацца. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле Алены Іванаўны, пераезд у кватэру падтрымлівае ўсяго пара чалавек. Рэшта – катэгарычна супраць.

«Пішыце-пішыце, хлопцы, хай яны там ведаюць! – працягвае гаспадыня, – Муцяць яны (гарадскія ўлады – аўт.), нічога дакладна не кажуць нават нам… Але ж мы яшчэ паваюем! Хай сабе не думаюць… Як я жартую, дастанем аўтамат з падвалу (смяецца)».

Рэчышча Гараднічанкі шмат у якіх месцах сапраўды выглядае занядбаным. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Рэчышча Гараднічанкі шмат у якіх месцах сапраўды выглядае занядбаным. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Водаахоўная зона»

Жыхар чарговай сядзібы прадстаўляецца Аляксандрам Сцяпанавічам. Кажа, што ані ён, ані суседзі з’язджаць не хочуць.

«Мы хадзілі ў Гарвыканкам, скардзіліся. Нам адказалі, што доўга вы тут усё адно, не ўтрымаецеся, нават калі застанецеся», – сцвярджае гаспадар.

Аляксандр Сцяпанавіч, мясцовы жыхар. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Спадар Аляксандр тлумачыць, што чыноўнікі аргументуюць свае планы яшчэ і тым, што тут водаахоўная зона. Плюс да таго – пагроза затаплення. Маўляў, калі Гараднічанка падымецца, то ўсе патонуць, уратавацца не паспеюць. Пра верагоднасць будаўніцтва на гэтым месцы новага элітнага жытла сп. Аляксандр таксама чуў, але сумняецца.

«Нам 40 год казалі, што нельга будавацца. Людзі так жылі і паўміралі некаторыя. Калі зараз будуць зносіць, то і апошнія палягуць. Вунь сусед праз нервы згубіў 30 кг вагі. Наверсе, у жоўценькім дамку, жыве дзядуля, якому 90 год. Дык дзеці нават казаць баяцца яму пра такое, бо ўдар схопіць і памрэ адразу…», – кажа Аляксандр Сцяпанавіч.

Дамы ў даліне Гараднічанкі з вышыні птушынага палёту. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК Belsat.eu

Стужка навінаў