На аўтастаянцы ў Баранавічах АМАП затрымаў дырэктара Пружанскага райаграсэрвісу


Затрыманне за хабар. Скрыншот з відэа МУС

На адной з аўтамабільных стаянак у Баранавічах супрацоўнікі АМАПу затрымалі дырэктара Пружанскага райаграсэрвісу. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі. Затрыманне адбылося ў момант, калі дырэктар браў хабар у памеры 190 долараў.

Паводле дадзеных МУС, 57-гадовы кіраўнік прадпрыемства прымаў незаконныя ўзнагароджанні за вырашэнне пытання аб выплаце фірме даўгоў за забеспячэнне запчасткамі для сельгастэхнікі і заключэнне дамовы паставак.

Раней ён ужо атрымліваў хабар у памеры 500 долараў і 2000 рублёў.

Дырэктар арыштаваны. У дачыненні да яго распачатыя крымінальныя справы па ч.1 і ч.2 арт.430 КК. Затрыманаму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Паводле дадзеных рэспубліканаскага аб’яднання «Белаграсэрвіс», дырэктарам Пружанскага райаграсэрвісу з’яўляецца Сяргей Бруй. Як паведамляе «Брестский калейдаскоп», дзякуючы яму ў 2017 годзе прадпрыемства здолела значна знізіць крэдыторскую запазычанасць і выйсці на дадатную рэнтабельнасць. Сярэднямесячны заробак вырас амаль на 121 % у параўнанні з 2016 годам. Значныя сродкі ўкладваліся і ў рэканструкцыю аб’ектаў вытворчай інфраструктуры.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары