На Аршаншчыне ГУБАЗіК затрымаў гандляроў зброяй


Працаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС затрымалі за продаж зброі двух жыхароў Воршы. Пра гэта паведамляе сайт Міністэрства ўнутраных справаў.

Падазраваныя 1955 і 1983 гадоў нараджэння падчас здзелкі атрымалі $ 1,2 тыс. за пісталет ТТ і рэвальвер сістэмы Нагана. Яны ж 4 верасня 2018 года на тэрыторыі Дубровенскага раёну прадалі самаробны пісталет пад патроны калібра 9 мм з прыстасаваннем для бясшумнай стральбы і пісталет «Беретта» такога ж калібру.

Раней адзін з затрыманых быў судзімы за гандаль людзьмі. Упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 295 КК Беларусі (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Як паведамляюць у МУС, гэта не першы выпадак канфіскацыі зброі ў Аршанскім раёне за апошні час. У верасні сілавікі канфіскавалі ў жыхара Віцебска аўтамат Калашнікава, паляўнічую стрэльбу «Байкал», пісталет Макарава і больш за 300 патронаў.

Паведамляецца таксама, што ГУБАЗіК сёлета прыцягнуў да крымінальнай адказнасці шэраг крымінальных аўтарытэтаў у Аршанскім раёне.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў