На антыфшыста ціснуць у калоніі


Вячаслаў Касінераў у сваім Facebook паведаміў, што на ягонага паплечніка Іллю Валавіка аказваюць ціск у калоніі.

Касінераў спасылаецца на крыніцы, блізкія да адміністрацыі калоніі, і кажа, што Валавіка выклікаў да сябе аператыўнік. Гэтую інфармацыю «Белсату» таксама падцвердзіла вартая даверу крыніца.

Здарылася гэта пасля таго, як Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка адправілі Валавіку лісты. Са словаў Касінерава, аператыўнік распытваў, навошта Касінераў і Насенка яму пішуць.

«Таксама дапускаем магчымасць таго, што на Іллю будзе ціснуць адміністрацыя ў сувязі з тым, што яму пішуць незаўгодныя людзі ці агулам аказваецца падтрымка з волі», – кажа Касінераў.



Вячаслаў сцвярджае, што на дадзены момант Ілля Валавік не мае ніякіх парушэнняў рэжыму і ў кастрычніку можа быць зняты з прафілактычнага ўліку. Касінераў кажа, што хутка да Валавіка мусяць прыехаць супрацоўнікі ГУБАЗіК.

«Яны загадалі адміністрацыі калоніі, каб на момант разгляду аб зняцці Іллі з уліку ў яго былі парушэнні і ён такім чынам не мог палепшыць свой прававы статус у межах свайго заключэння», – сцвярджае Касінераў.

29 чэрвеня 2014 года на прыпынку на вуліцы Несцерава ў Менску адбылася бойка паміж футбольнымі фанатамі. Падчас бойкі была разбітая тралейбусная шыба і распылены слезацечны газ. Футбольных фанатаў «Партызану» абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да «іншай сацыяльнай групы» – заўзятараў «Тарпеда». У выніку 10 сакавіка 2017 году шасцёра фанатаў «Партызану» атрымалі розныя тэрміны зняволення: Ілля Валавік – 10 гадоў пазбаўлення волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка – па 4 гады, Дзмітрый Ціхановіч – 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) – па 12 гадоў.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў