На анархіста «завялі справу» за распаўсюд порна. «Улікі» шукалі ў гаражы ягонага бацькі


Фёдар Бабанаў. Фота з сацсетак
На мінулым тыдні стала вядома, што на 17-гадовага менчука Фёдара Бабанава, актывіста анархісцкага руху, могуць завесці крымінальную справу.
Нагодаю для крымінальнага пераследу можа стаць відэа у сацыяльнай сетцы «УКантакце», «апублікаванае» амаль два гады таму.
«Я не запосціў гэтае відэа. Дадаў у відэазапісы. Звычайная парнуха. Відэазапісы былі ў мяне закрытыя, а пазней я проста забыўся і адкрыў доступ», – распавядае Фёдар.
25 красавіка Бабанаў паведаміў ва «УКантакце», што супрацоўнікі міліцыі зладзілі вобшук у гаражах ягонага бацькі.
19 красавіка хлопца затрымалі ў кабінеце ўчастковага, куды выклікалі, каб «падпісаць паперы». Тры дні ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). У гэты час у яго дома адбыўся вобшук, паведаміў Belsat.eu Бабанаў.
«Раніцай 25 красавіка майму бацьку патэлефанавалі з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) і сказалі, што чакаюць яго для правядзення вобшуку. Нічога асаблівага пра вобшук сказаць не магу, толькі дзіўна, што вобшук быў у гаражах майго бацькі», – кажа Фёдар.
Фёдар Бабанаў нядаўна скончыў школу. Нідзе не працуе. У справаздачы «Обзор репрессий против анархического и антифашистского движения в Беларуси за 2016 год» на сайце «Анархічны чорны крыж Беларусь» адзначаецца, што ён быў затрыманы за разбітую камеру назірання на адной з менскіх школаў.
«Справа не ў парнаграфіі, мне падаецца. Мяне прывезлі ў ГУБАЗіК і спрабавалі даведацца пра маіх знаёмых і ці не з’яўляюся я анархістам. Пазней адзін з іх прыехаў да мяне ў ІЧУ і зноў распытваў пра анархістаў і чаму я пішу Змітру Паліенку [анархіст, якога пасадзілі ў турму за гэты інцыдэнт. – Заўв. Belsat.eu]. Пужаў мяне, што калі не буду даваць паказанні, то буду сядзець. Я сказаў, што гатовы. Мне падаецца, што яны хацелі мяне напужаць. Па выніку я сказаў яму, што ён мне не сябар і на гэтым нашая размова скончылася», – распавёў хлопец.
У бліжэйшы час Фёдар Бабанаў збіраецца знайсці сабе адваката. Яго могуць пасадзіць у турму на 4 гады.
ЮВ, belsat.eu
Стужка навінаў