На Алясцы патанула беларуска Ніка Ніканава, якая зняла фільм пра артыкул 328


Ніка Ніканава. Фота з «Фэйсбуку» рэжысёркі

24-гадовая грамадзянка Беларусі Ніка Ніканава вандравала па Алясцы разам з мужам пасля вяселля. Ніканава даследавала тэму асуджаных за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Сёлета яна зняла 20-хвілінны фільм «Пакаленьне 328».

Смерць дзяўчыны актывіст Пётр Маркелаў (і ад нядаўна – муж Нікі) пацвердзіў радыё «Свабода».

Маркелаў і Ніканава вандравалі па Алясцы пасля свайго вяселля. 25 ліпеня, калі здарыўся няшчасны выпадак, яны спрабавалі пераплысці раку Тэкланіка, каб дабрацца да аўтобусу, у якім жыў і памёр Крыстофэр МакКэндлес – герой кнігі Джона Кракаўэра «У дзікіх умовах». Дзяўчыну змыла моцнай плынню вады.

Маркелаў яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі ЗША.

«Я ў Анкорыджы. Усе дакументы, грошы, карткі, тэлефоны патанулі. Цягам бліжэйшых дзён буду збіраць дакументы, каб мне можна было выехаць, сертыфікат пра смерць, усё гэта. Цела забралі для аўтапсіі, на наступным тыдні ў аўторак–сераду будзе інфармацыя», – распавёў Маркелаў.

Паводле актывіста, хутчэй за ўсё Ніку крэмуюць на месцы.

Зараз у Штаты збіраецца ляцець яе маці, Вольга Ніканава. Сябры Нікі ў «Фэйсбуку» зарганізавалі збор сродкаў для яе сям’і.

Ніка Нікавана разам з кіраўнічкай руху «Маці 328» Ларысай Жыгар. Фота з «Фэйсбуку» рэжысёркі

Ніка Ніканава вырасла ў Менску. У 13 гадоў дзяўчына атрымала роль у фільме «Берасцейская крэпасць» і захацела стаць акторкай. Паступаць зьбіралася ў Лос-Анжэлес, але не атрымала амерыканскую візу. Пасля гэтага Ніка вырашыла стаць рэжысёркай.

Для паступлення дзяўчына абрала гадавую праграму дакументалістыкі ў «New York Film Academy».

Ужо ў ЗША яна вырашыла, што здыме дыпломны праект пра зняволеных паводле артыкулу 328 у Беларусі.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары