На Алеся Дзянісава з «Дзецюкоў» маглі завесці крымінальную справу за рэпост

ВІДЭА

Невядомы міліцыянт пазваніў на хатні тэлефон журналіста ды музыкі Алеся Дзянісава і паведаміў пра крымінальную справу, якую нібыта распачалі за рэпост у «УКантакце».

Пра што ідзе гаворка, музыка не ведае. Ён напісаў заявы ў пракуратуру і АУС Кастрычніцкага раёна Горадні з просьбаю правесці правяранне па факце ананімнага званка.

Участковы, які не назваў свайго імя і прозвішча, размаўляў з непаўналетняй дачкой Алеся.

«Ён пытаў яе, дзе знаходзіцца бацька, сказаў, што ў адносінах да мяне пачалі крымінальную справу, нібыта за размяшчэнне інфармацыі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Допыт, а інакш я не магу расцэньваць такі «збор інфармацыі» маёй непаўналетняй дачкі, працягваўся больш за 10 хвілінаў».

Паводле Алеся Дзянісава, невядомы паводзіў сябе груба, запалохваў дзяўчыну, а размова з ім выклікала ў яе шок.

Дагэтуль ніхто з праваахоўных органаў з Алесем Дзянісавым не звязваўся і не паведамляў пра крымінальную справу, не выклікаў на допыт або гутарку.

«Расцэньваю такія паводзіны супрацоўніка праваахоўных органаў як спосаб аказаць на мяне, маю сям’ю псіхалагічны ціск, пазбавіць мяне і маіх блізкіх людзей спакою з мэтай перашкодзіць маёй культурнай дзейнасці ў якасці музыканта групы DZIECIUKI», – напісаў журналіст.

У ліпені ў Алеся Дзянісава і ягонага калегі Аляксея Кайрыса прайшлі ператрусы з канфіскацыяй ноўтбукаў ды тэлефонаў. Гарадзенская міліцыя пачала правяранне паводле факту «паклёпу і абразы асобы».

Верагодна, гаворка ідзе пра кіраўніцу ўчастку абслугоўвання УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні Святланы Жылінскай, якая згадвалася ў сюжэце «Белсату» ад 20.04.2018 году ў праграме «Аб’ектыў» – «Жыхары інтэрнату: «Заходзіш з дзіцём у душ – там ляжыць здохлы пацук!».Жанчына пазбягае кантакту з журналістамі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары