На актывістку КХП БНФ склалі пратакол за заклік на дазволеную ўладамі акцыю


Раніцай 3 лістапада актывістка КХП БНФ Ала Гуцава распаўсюджвала ўлёткі-запрашэнні на традыцыйную акцыю Дзяды, якая мае адбыцца 5 лістапада. Менгарвыканкам даў дазвол на яе правядзенне.

«Прыкладна а 8-й гадзіне раніцы на станцыі метро Магілёўская ў Менску затрымалі Алу Гуцаву. Падыйшлі два міліцыянты, назвалі свае прозвішчы – Данілюк і Кірычэнка – і даставілі яе ў пастарунак», – распавёў belsat.eu Аляксандр Чахольскі, адказны сакратар управы сойму КХП БНФ.

Паводле слоў Чахольскага, актывістку пратрымалі некалькі гадзін і склалі пратакол па арт. 23.34 КоАП за «заклікі на несанкцыянаванае мерапрыемства», а пасля адпусцілі.

Нагадаем, 30 кастрычніка партыя атрымала афіцыйны дазвол ад гарадскіх уладаў на правядзенне шэсця і мітынгу ў Курапатах у нядзелю 5 лістапада.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў