На актывіста двойчы выклікалі міліцыю, каб выгнаць з суда. У Магілёве працягваецца працэс за абразу суддзі


23 снежня ў судзе Магілёўскага раёну распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць грамадскага актывіста Валадара Цурпанава. Яго абвінавачваюць паводле арт. 391 Крымінальнага кодэксу – за абразу суддзі.

На працэсе, які вядуць супраць яго, спадар Цурпанаў прысутнічаць не можа – не дазваляе суддзя Аляксандр Халадцоў, які двойчы за дзень выклікаў міліцыю, каб актывіста вывелі з судовай залы.

Непаразуменні паміж абвінавачаным і суддзём з’явіліся з першых хвілінаў разгляду справы. Падчас высвятлення асобы Цурпанаў не даваў простых адказаў, а спасылаўся на тое, што ўся асабістая інфармацыя ёсць у справе. Гэта не спадабалася суддзю Халадцову, і той загадаў Цурпанаву пакінуць судовую залу. Актывіст адмовіўся, тады суддзя абвесціў перапынак, і на спадара Цурпанава выклікалі міліцыю першы раз. Міліцыя прыехала, але ніякіх заўваг не зрабіла.

Валадар Цурпанаў гадзіну прасядзеў адзін у кабінеце, у чаканні свайго суду.
Фота: Белсат

Пасля перапынку Цурпанава зноўку не пусцілі на працэс. Пры гэтым суддзя ніяк не патлумачыў свайго рашэння. У судзе выступілі ўсе сведкі ў справе, былі прагледжаныя відэа- і аўдыядоказы, агучаныя матэрыялы справы – і ўсё без абвінавачанага.

Пацярпелымі ў справе выступаюць адразу дзве суддзі – Вікторыя Палякова з суда Ленінскага раёну Магілёва і Вольга Краўчанка з суда Кастрычніцкага раёну Магілёва. 9 верасня і 14 кастрычніка, адпаведна, яны судзілі Цурпанава за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Падчас абодвух судоў Цурпанаў быў у ізалятары часовага ўтрымання. Паседжанні праходзілі праз «Скайп».

Валадар Цурпанаў і суддзя Вольга Краўчанка на судзе за ўдзел у мітынгу.
Фота: Белсат

Цурпанаў кажа, што ў абодвух выпадках суд паводле арт. 23.34 КаАП быў для яго нечаканасцю. Актывіст прасіў суддзяў казаць па-беларуску і заяўляў хадайніцтва аб адводзе, але не быў пачуты і дазволіў сабе неасцярожнае эмацыйнае выказванне ў іх бок.

«Валі адсюль, хунтаўская падсцілка!» – такая фраза прагучала ад Цурпанава на абодвух судах за ўдзел у акцыях пратэсту. Актывіст кажа, што не меў на ўвазе канкрэтных асоб, Вікторыю Палякову ці Вольгу Краўчанка, ён адрасаваў сваё выказванне ўсёй судовай сістэме. На ягоную думку, гэтая фраза не абраза.

«Я ж хлопец з вёскі, таму я ведаю, што падсцілка – гэта такая штука, якая дапамагае змякчыць уздзеянне той паверхні, на якую ты кладзешся. Таму і тут зразумела, што яны (маюцца на ўвазе суддзі, якія разглядаюць справы паводле арт. 23.34 КаАП. – Belsat.eu) усе выконваюць тую функцыю: змякчыць удар і абяліць дзеянні сілавікоў», – тлумачыць Валадар Цурпанаў сэнс сваёй фразы.

Міліцыянты прыехалі, каб вывесці Валадара з судовай залі.
Фота: Белсат

Суддзя Вікторыя Палякова пакарала Цурпанава штрафам 10 б. в. за непавагу да суда (арт. 24.1 КаАП). Абодва разборы закончыліся чарговым арыштам для актывіста. Але крымінальную справу за абразу таксама завялі.

Лінгвістычная экспертыза паказала, што фраза «валі адсюль» выражае непавагу да адрасата, але не з’яўляецца абразай, а фраза «падсцілка хунтаўская» ўтрымлівае адмоўную ацэнку асобы чалавека і можа быць абразлівай, зневажальнай для гонару і годнасці асобы, калі яе змест не адпавядае рэчаіснасці.

«Віны не прызнаю, бо немагчыма прызнаць тое, чаго няма. Сама форма судоў праз «Скайп» – абуральная да немажлівасці. Міліцыя і суды ўспрымаюць людзей не як грамадзян з наборам правоў па Канстытуцыі, а як нейкіх пешак. Я не меў ніякіх правоў падчас тых судоў праз «Скайп», і мяне гэта вельмі абурыла і пабудзіла на тое спантаннае выказванне. Усё настолькі брутальна і незаконна адбывалася…» – сказаў Валадар Цурпанаў.

Супрацоўніца суду просіць Валадара выйсці ў калідор, а ён адмаўляецца гэта рабіць.
Фота: Белсат

Пад вечар Цурпанаў ажыццявіў яшчэ адну спробу трапіць на суд супраць сябе, хаця б дзеля таго, каб даць тлумачэнні. Пасля чарговага перапынку Цурпанаў увайшоў у судовую залу, але Халадцоў зноўку патрабаваў, каб актывіст выйшаў. На абвінавачанага выклікалі міліцыю другі раз.

Прыехаў нарад міліцыі і запатрабаваў, каб Цурпанаў выйшаў з залы. Актывіст паказаў сваю позву ў суд у якасці абвінавачанага і запытаўся ў суддзі, на якой падставе яго выдаляюць. Замест хоць якога тлумачэння Халадцоў выйшаў з залы і вярнуўся за 5 хвілін да канца працоўнага дня. Разгляд справы працягнецца 24 снежня аб 11-й.

Валадар Цурпанаў і Барыс Бухель у судзе.
Фота: Белсат

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што суддзя мае права выдаляць з судовага паседжання тых, хто парушае парадак. Але ў выпадку з Цурпанавым, на думку Бухеля, суддзя пагарачыўся і пасля перапынку мог бы пакінуць падвіноўнага ў залі. Праваабаронца не бачыць у фразе, якую сказаў Цурпанаў, абразы і лічыць, што да сітуацыі пасуе Адміністратыўны кодэкс, а не крымінальны. Тым больш што суддзя Вікторыя Палякова ўжо аштрафавала Цурпанава за гэтую фразу на 10 б. в.

Валадар Цурпанаў – магілёўскі рэкардсмен паводле атрыманых пасля 9 жніўня пакаранняў. У ізалятары часовага ўтрымання ён правёў 53 дні. На знак нязгоды з арыштам спадар Валадар распачаў сухую галалоўку, якую спыніла толькі шпіталізацыя. У жніўні-верасні Цурпанаў прыходзіў на ўсе мітынгі і нават рэпрэзентаваў інтарэсы грамадзянаў у аблвыканкаме.

У аналагічнай справе – за абразу суддзі – месяц таму ў Магілёве асудзілі грамадскага актывіста Станіслава Паўлінковіча. 29 кастрычніка ў судзе Магілёўскага раёну суддзя Максім Курпачанка пакараў актывіста трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў