Сябры затрыманых па «справе Белага легіёна» і неабыякавыя сабраліся на Кастрычніцкай плошчы.
На Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла акцыя салідарнасці пад лозунгам «Свабоду палітвязням». Грамадзянскія актывісты патрабуюць, каб улады вызвалілі са следчых ізалятараў патрыётаў, абвінавачаных у стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання.
Паводле адной з удзельніц, рэжысёра Вольгі Нікалайчык, людзі «салідарныя на адлегласці».
«Мы бачым, як развалілася справа аб масавых беспарадках, яна ўжо зачыненая. А што яны там кажуць пра ўзброеныя і няўзброеныя групы, мы памятаем, што нашым следчым органам даверу няма, бо яны ўвесь час дазваляюць сабе хлусіць у маленькіх справах», – заявіў падчас акцыі Максім Вінярскі, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Каля дзясятка чалавек прынеслі на Кастрычніцкую плошчу расцяжку «Свабоду палітвязням» і партрэты арыштаваных. Міліцыянт, які падышоў да пратэстоўцаў з мегафонам, назваў акцыю несанкцыянаванай і пагражаў прыцягнуць прысутных да адказнасці. Пра затрыманні паведамленняў няма.
Па вуліцах у раёне Кастрычніцкай плошчы ездзяць мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў.
У «Справе патрыётаў», таксама вядомай, як «Справа Белага легіёну», цяпер у следчым ізалятары сядзяць 14 асобаў. Іх абвінавачваюць у стварэнні ўзброенай групоўкі, але матэрыялы справы, якія паказвае дзяржаўнае тэлебачанне, выклікалі недавер у грамадстве.
ДД