На аддзяленні «Белпошты» ў Менску шыльда «Почты России» правісела гадзіну


«Почта России» у цэнтры Менску аказалася толькі дэкарацыяй. Фота – Васіль Русецкі / «Белсат»

У цэнтры Менску шыльда расейскага паштовага аператара з’явілася на патрэбы здымак кіно.

Падчас здымак адной са сцэн серыялу «Вярніся ў Сарэнта» для каналу «ТВ Центр» у Менску мастацкі цэх пераўтварыў аддзяленне паштовай сувязі на праспекце Незалежнасці, 46 у «Почту России».

«Гэта проста дэкарацыі», – заявіла ў размове з нашым тэлеканалам прадзюсар Вольга.

Паводле Вольгі, серыял здымаюць у Менску, «бо тут знаходзіцца «Беларусьфільм» – даволі вядомы і якасны вытворца».

У аддзяленні паштовай сувязі падрабязнасці ўмоваў замены беларускай шыльды на расейскую пракаментаваць нашаму каналу не здолелі. На пытанне пра кошт гэткай паслугі працаўнікі аддзялення заявілі, што замена была бясплатнай.

«Там кіно здымалі, – сказалі «Белсату» у паштовым аддзяленні. – Яны дамовіліся з нашай адміністрацыяй».

Мы паспрабавалі ўдакладніць інфармацыю ў кіраўнічкі вытворчасці «Белпошты», але на момант выхаду гэтай інфармацыі яе тэлефон не адказваў.

ДД

Стужка навінаў