На абаронцу Курапатаў наехала аўта. На месца выклікалі хуткую


Абаронцы Курапатаў; Леанід Кулакоў – у цэнтры. Фота – Павел Севярынец

14 ліпеня на пляцоўцы перад рэстаранам «Поедем поедим» на Менскай кальцавой чорная «мазда» на расейскіх нумарах наехала на абаронцу Курапатаў Леаніда Кулакова.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» са спасылкай на Вольгу Мікалайчык паведаміла актывістка Ганна Шапуцька.

Паводле словаў Шапуцькі, у выніку здарэння Кулакоў упаў і моцна ўдарыў нагу. Актывісту выклікалі «хуткую».

«На месцы здарэння знаходзяцца гаспадары «Бульбаш-хола» Зайдэс і Сурыс, і яны пагражаюць ужыць сілу», – дадае Шапуцька.

«Белсат» спрабаваў звязацца з пацярпелым, але Леаніда Кулакоў не адказвае па тэлефоне.

Барыс Сурыс – расейска-ізраільскі бізнесмен, які ўклаў у забаўляльны комплекс «Бульбаш-хол» грошы праз сваю маці, Алену Сурыс. Леанід Зайдэс – гаспадар рэстарану «Поедем поедим».

Тэлефон Вольгі Мікалайчык адключаны.

Стрым з месца падзеяў вядзе журналістка Вольга Быкоўская.

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Стужка навінаў