У Курапатах аўта на хуткасці наехала на пратэстоўцаў


Здымак для ілюстрацыі. Фота Ганны Шапуцькі

Інцыдэнт ля рэстарацыі «Паедзем паядзім» мог прывесці да ахвяраў, мяркуе Павел Севярынец.

Наезд адбыўся каля 16-ай гадзіны. Сітуацыю Belsat.eu апісаў сустаршыня БХД Павел Севярынец:

«На тэрыторыю «Паедзем паядзім» на велізарнай хуткасці, як на трасе, 70-90 кіламетраў за гадзіну, уехала аўта. Людзі адышлі ўбок, не расступіліся б – былі б ахвяры. Праз некалькі хвілінаў той жа кіроўца Уладзімір Ч. ужо выязджаў назад з тэрыторыі, з-за павароту, таму хуткасці набраць не паспеў, але наехаў на пратэстоўцаў і працягнуў іх некалькі метраў. Вядома, яго пачалі выцягваць з машыны, затрымалі, выклікалі міліцыю. Пакуль міліцыя з ім размаўляла, мужчына спрабаваў біцца, счапіўся са Змітром Казакевічам, парваў яму кашулю».

Пазней Зміцер Казакевіч паехаў у Бараўляны пісаць заяву аб нападзе.

«Там міліцыянта пыталіся ў яго, ці ведае ён Дзяніса Урбановіча, Наталлю Гарачку і іншых», – дадаў Павел Севярынец.

Ён кажа, што ёсць «неўраўнаважаныя людзі, якія з-за сваіх імперскіх і сталінісцкіх перакананняў прыязджаюць і ладзяць правакацыі».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў