На $5 даражэй: Лукашэнка зацвердзіў тарыфы на ЖКП на 2018 год


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №473 «Аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год», перадае БелТА.

Гранічна дапушчальныя тарыфы сфармаваныя міжведамаснай рабочай групай, створанай Камітэтам дзяржаўнага кантролю па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Цяпер тарыфы на жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва, у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг, павысяцца ў межах $5.

Плануецца, што гэтыя тарыфы дазволяць у 2018 годзе забяспечыць узровень кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў па ўсім комплексе ЖК паслуг у памеры больш за 70%. Па большасці паслуг (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор, вываз і абясшкоджванне камунальных адходаў) плануецца выйсці на стопрацэнтнае пакрыццё.

Што тычыцца безнаяўных жыллёвых субсідыяў, то яны будуць прадстаўляюцца грамадзянам і сем’ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% – у сельскай мясцовасці.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары