МЗС: Вашынгтон не дабіваецца ад Менску абмежавання ўзаемадзеянняў з Масквой


ЗША не будуць спрабаваць дамагчыся ад Беларусі абмежавання супрацы з Расеяй. Пра гэта заявіў у чацвер у гутарцы з ТАСС намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, які знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне.

Ён адмоўна адказаў на пытанне пра тое, ці прадпрымае Вашынгтон спробы абумовіць нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносін якім-небудзь абмежаваннем узаемадзеяння Менску з Масквой.

«Абсалютна не. Ніколі такога не гучала, ні раней, ні цяпер. Сапраўды гэтага абсалютна няма. Я проста ніколі з гэтым не сутыкаўся », – сказаў Краўчанка.

Як ён нагадаў, тэму ўзаемадзеяння Беларусі і Расеі ў кантэксце адносін Менску і Вашынгтона закранаў параўнальна нядаўна экс-памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, калі наведваў Менск. Пазней гэтую тэму ўзняў і намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент.

«Пытанні адносінаў Беларусі з Расеяй – гэта справа Беларусі, – падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС. – І я, мяркуючы па тым, што бачу ў нашых абмеркаваннях з амерыканцамі, сапраўды магу пацвердзіць, што нейкіх заклікаў ці ж чаканняў з боку ЗША ў дачыненні да нашага ўзаемадзеяння фактычна не існуе».

Што датычыць супрацы Беларусі і ЗША ў вайсковай сферы, Краўчанка ўдакладніў: маштабы яе невялікія. «Гэта ўзаемадзеянне ўключае ў сябе некалькі пунктаў, сярод якіх асноўнымі з’яўляюцца навучанне беларускіх вайскоўцаў ангельскай мове ў адпаведных навучальных установах у Еўропе, хутчэй за ўсё, а таксама ўзаемадзеянне па падрыхтоўцы нашай міратворчай роты. Гэта значыць я б не назваў гэтую супрацу нейкай асабліва развітай, маштабнай», – адзначыў намеснік міністра.

Ён таксама дадаў, што супрацу ў сферах барацьбы з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю і кіберзлачыннасцю, праваахоўныя органы дзвюх краін вядуць і маюць намер яе пашыраць.

КА belsat.eu

Стужка навінаў