МЗС Украіны выказала пратэст у сувязі з падаўжэннем арышту Паўла Грыба да 4 сакавіка


Кастрычніцкі раённы суд Краснадара падоўжыў да 4 сакавіка тэрмін утрымання пад вартай грамадзяніна Украіны Паўла Грыба. Гэта рашэнне пракаментаваў МЗС Украіны на сваім афіцыйным сайце.

«Міністэрства замежных спраў Украіны выказвае рашучы пратэст у сувязі з рашэннем Кастрычніцкага раённага суда г. Краснадар ад 15.12.2017 года падоўжыць да 04.03.2018 года тэрмін утрымання пад вартай незаконна затрыманага ў Беларусі і перамешчанага ў Расейскую Федэрацыю грамадзяніна Украіны Паўла Грыба», – гаворыцца ў паведамленні.

У МЗС Украіны лічаць, што беспадстаўнае ўтрыманне Грыба пад вартай, ігнараванне расейскім бокам яго правоў, у прыватнасці – на атрыманне неабходнай яму медычнай дапамогі, сустрэчы з бацькамі і карыстанне ўкраінскай мовай падчас сустрэчы з консулам, «з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем сістэматычных парушэнняў расейскім бокам правоў грамадзян, якiя ўтрымліваюцца ў пенітэнцыярных установах і адсутнасці правасуддзя ў Расейскай Федэрацыі».

Нагадаем, Павел Грыб знік пасля перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы 24 жніўня. Ён накіроўваўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расеі, пазней у інтэрвʼю журналістам яна прызналася, што сустрэча адбылася з ініцыятывы ФСБ.

У МУС Беларусі паведамілі, што не затрымлівала Грыба. 7 верасня высветлілася, што Павел Грыб знаходзіцца ў СІЗА ФСБ у Краснадары.

Сваякі Грыба абвінавачваюць ФСБ у аперацыі па вывазу яго з Беларусі. У сваю чаргу амбасада Украіны накіроўвала ноту ў МЗС Беларусі – адказу адтуль украінцы не атрымалі дагэтуль.

Улады Расеі абвінавачваюць Грыба ў «тэрарызме». Беларусь сваёй віны ў выкраданні ўкраінца расейскімі спецслужбамі не прызнае.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў