МЗС Украіны пра сітуацыю з Паўлам Грыбам: Сказаць, што беларусы супрацоўнічаюць так, як трэба, мы не можам


Намеснік міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль у эфіры «5 каналу» заявіла, што з беларускага адсутнічае належны ўзровень супрацы ў справе зніклага ў Гомлі Паўла Грыба.

«Мы спрабуем высветліць сітуацыю (са зніклым Паўлам Грыбам). І наагул зрабіць усё магчымае для таго, каб змяніць гэтую сітуацыю. Вядома, сказаць, што беларусы супрацоўнічаюць так, як трэба, мы, на жаль, не можам. Мы паднялі ўсіх консулаў, усе працуюць, і ўсе спрабуюць высветліць сітуацыю. Мы не разумеем, дзе фактычна, фізічна ён знаходзіцца», – сказала Зеркаль.

Плануецца, што сёння ў Будапэшце кіраўнік МЗС Украіны абмяркуе з Макеем справу зніклага ўкраінца. 31 жніўня ў сталіцы Венгрыі адбудзецца сустрэча міністраў замежных справаў членаў «Усходняга партнёрства» і Вышэградскай групы.

Павел Грыб паехаў у Беларусь 24 жніўня. Вядома, што мяжу ён пераадолеў без перашкод, а ў Гомлі яго след знік, і да сённяшняга дня невядома, дзе ён знаходзіцца.

Сваякі 19-гадовага Паўла ўпэўненыя, што да ягонага знікнення датычныя расейскія спецслужбы.

Паводле непацверджанай інфармацыі, хлопец знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў