МЗС РФ здзівіла заява Пятра Парашэнкі аб падрыхтоўцы ўварвання Расеі ва Украіну


«Прэзідэнт Украіны заявіў, што Расея рыхтуецца да ўварвання ўва Украіну. Гэта нармальна?», – задалася пытаннем падчас прамога эфіру на радыёстанцыі «Эхо Москвы» прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Верагоднасць эскалацыі канфлікту застаецца высокай. Мы абсалютна не выключаем поўнамаштабнага расейскага ўварвання па ўсім азімутам. Мы гатовыя,  нашыя ўзброеныя сілы, даць адпор ворагу – і на ўсходзе, і ўздоўж адміністрацыйнай мяжы з Крымам», – заявіў 18 жніўня прэзідэнт Украіны падчас візіту ў Львоўскую вобласць.

«Мы нават не разумеем, пра што кажа спадар Парашэнка і пра якое поўнамаштабнае ўварванне наагул ідзе гаворка. У прынцыпе цяжка зразумець пра што ён кажа. Вось і ўсё», – прыводзіць іншы каментар прадстаўніцы расейскага МЗС rbc.ru.

Пятро Парашэнка адзначыў, што выпадку эскалацыі канфлікту ён абвесціць у краіне вайсковы стан і распачне мабілізацыю.

Нагадаем, што 10 жніўня ФСБ РФ паведаміла пра ліквідацыю ў Крыме дыверсійна-выведчай групы, якая, паводле спецслужбы, рыхтавала тэракт на паўвостраве і дзейнічала пад кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны. Паводле ФСБ, у перастрэлцы падчас затрымання загінуў супрацоўнік спецслужбы і вайсковец Мінабароны.

Пасля гэтага прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў пра пераход Кіева да практыкі «тэрору». Украінскі лідар назваў такія абвінавачванні «фантазіямі».

Сёлета Уладзімір Пуцін выступіў з заявай аб бессэнсоўнасці «нармандскага фармату» ў межах саміту G20.

Фота: tvc.ru

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by, rbc.ru

Стужка навінаў