МЗС РФ: «Так, Расея рыхтуецца да вайны»


Намеснік кіраўніка Дэпартаменту ў пытаннях нераспаўсюджання і кантролю над узбраеннямі МЗС Расеі Андрэй Белавусаў заявіў, што Расейская Федэрацыя рыхтуецца да абарончай вайны са Злучанымі Штатамі. Заява прагучала на пасяджэнні камітэту Генасамблеі ААН.

«Тут нядаўна на пасяджэнні Злучаныя Штаты заявілі, што Расея рыхтуецца да вайны. Так, Расея рыхтуецца да вайны, я гэта пацвярджаю», – сказаў прадстаўнік МЗС РФ пасля таго, як ААН прагаласаваў супраць разгляду рэзалюцыі Масквы ў падтрыманне Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці (ДРСМД).

Белавусаў дадаў, што паміж Расеяй і ЗША існуе велізарная розніца. «І ў лінгвістычным плане гэтае адрозненне заключаецца ў адным слове, што ў рускай мове, што ў англійскай мове: Расейская Федэрацыя рыхтуецца да вайны, а ЗША рыхтуюць вайну», – адзначыў ён.

Паводле прадстаўніка РФ, аб намерах ЗША можа сведчыць рашэнне выйсці з ДРСМД, абяцанне аб нарошчванні ядравага патэнцыялу і прыняцце новай ядравай дактрыны.

21 кастрычніка Трамп заявіў, што Вашынгтон выходзіць з ДРСМД, падпісанай яшчэ ў 1987 годзе Міхаілам Гарбачовым і Рональдам Рэйганам. Паводле Трампа, Масква парушае дамову, і ЗША «будуць развіваць узбраенне да таго часу, пакуль Расея і Кітай не пагодзяцца на новую здзелку».

ДРСМД забараняе мець балістычныя ракеты наземнага базавання і крылатыя ракеты з далёкасцю дзеяння ад 500 да 5500 кіламетраў. Дакумент быў падпісаны ў 1987 годзе прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым і прэзідэнтам ЗША Рональдам Рэйганам.

ЮВ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў