МЗС РФ рэкамендуе пры планаванні паездак у Беларусь ацэньваць рызыку магчымага арышту


МЗС Расеі рэкамендуе пры планаванні паездак у Беларусь «ацэньваць рызыкі магчымага затрымання ці арышту», асабліва ў выпадках, калі чалавек у міжнародным вышуку ці мае падставы меркаваць, што адносна яго можа быць крымінальны пераслед з боку трэцяй дзяржавы.

Пра гэта ідзе гаворка ў афіцыйным адказе МЗС РФ, які апублікаваў у сваім блогу Аляксандр Лапшын.

Паводле расейскага міністэрства, нягледзячы на тое, што Расея і Беларусь зʼяўляюцца Саюзнай дзяржавай, грамадзянін Расеі, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку па запыце трэцяй дзяржавы, можа быць у Беларусі арыштаваны і выдадзены.

«Мне здаецца, МЗС Расеі выказаўся дыпламатычна, але даволі дакладна па гэтым пытанні – беларусам давяраць нельга і ездзіць туды не рэкамендуецца», – піша Лапшын у сваім блоге.

У снежні 2016 году блогера затрымалі ў Менску, у лютым 2017-га яго выдалі Азербайджану. Азербайджанскія ўлады абвінавачвалі Лапшына ў парушэнні закона аб дзяржаўнай мяжы. Ён трапіў у «чорны спіс» за наведванне Нагорна-карабахскай рэспублікі без узгаднення з уладамі. У бакінскай турме яго хацелі забіць, сцвярджае Лапшын. 14 верасня блогера вызвалілі, цяпер ён у Ізраілі.

Лапшын – грамадзянін Расеі, Ізраілю і Украіны.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў