МЗС: праца па спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ ідзе


Міністэрства замежных справаў Беларусі не бачыць «аб’ектыўных прычынаў, якія перашкодзілі б знайсці ўзаемапрымальныя развязкі» ў пытанні спрашчэння візавага рэжыму з Еўразвязам. Такую заяву ведамства зрабіла пад час онлайн-канферэнцыі ў Facebook.

Паводле МЗС, беларускі бок робіць для гэтага ўсё магчымае, напрыклад, быў уведзены 5-дзённы безвіз для грамадзянаў ЕЗ.

«Гэта не аднабаковы працэс і для прасоўвання наперад патрэбная воля абодвух партнёраў», – гаворыцца ў заяве.

Таксама ведамства адзначыла, што «партнёры вылучаюць шэраг умоваў, якія ставяць нашых грамадзянаў у не вельмі камфортнае становішча».

«Патрабаванне аб падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры ў іх ліку. Над развязаннем, у тым ліку, і гэтых праблемных аспектаў мы працуем сумесна з нашымі партнёрамі з ЕЗ», – піша МЗС.

У 2013 годзе міністр замежных справаў Уладзімір Макей на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні заявіў, што Беларусь гатовая распачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ. Паводле МУС, да пачатку 2019 года павінны зʼявіцца біяметрычныя пашпарты, якія маюць паспрыяць спрашчэнню працэдур.

ЛБ, belsat.eu

Стужка навінаў