Мэта Міністэрства замежных справаў не ліквідацыя, а мадэрнізацыя і рэформа «Белсату», заявіла прэс-сакратар МЗС Ёанна Вайда.
У будучыні «Белсат» «у выглядзе інтэрнэт-парталу» мог бы стаць часткаю тэлеканалу TVP Zagranica», піша польскае выданне «Rzeczpospolita».
Ад 2007 г. да 2015 г. «кошт TVP Biełsat… склаў 220 млн злотых і большасць гэтых сродкаў паходзіць з дзяржаўнага бюджэту», гаворыцца ў адказе польскага МЗС агенцтву PAP, якое цытуе «Rzeczpospolita». «Цяпер плануецца абмежаванне, а не ліквідацыя дафінансавання паколькі ёсць неабходнасць рэалізацыі іншых прыярытэтных праграмаў», прыводзіць выданне словы прэс-сакратара МЗС Польшчы.
Паводле Ёанны Вайды, Польшча будзе працягваць падтрыманне незалежнай прэсы і «намаганняў па дэмакратызацыі Беларусі». «Мы верым, што свабода слова, свабода выказванняў, талерантнасць і палітычны плюралізм зʼяўляюцца найлепшымі спосабамі развіцця беларускага грамадства», – гаворыцца ў дакуменце.
«Мадэрнізацыя праз ліквідацыю. За 5 млн злотых (бюджэт «Белсату» у выпадку скарачэння фінансавання. – belsat.eu) можна зрабіць яшчэ адзін партал у беларускай інфармацыйнай прасторы – толькі навошта? Ужо некалькі парталаў ёсць і працуюць. Навошта ствараць ім канкурэнцыю? У такой сітуацыі, калі ёсць жаданне дапамагаць, то лепей ужо аддаць гэтыя 5 млн на дзіцячыя дамы ў Беларусі», – пракаментавала заяву МЗС Польшчы дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.
«”Белсат” быў цэнны, бо яго глядзелі тыя, хто мала ці ўвогуле не карыстаецца інтэрнэтам. Ёсць шэраг інтэрнэт-старонак, напрыклад, charter97.org, якую таксама фінансуе МЗС Польшчы. Навошта яшчэ адна?», – задае пытанне на сваім «Facebookʼу» журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.
18 снежня міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўкі агучыў у інтэрв’ю выданню Wpolityce.pl, што Польшча замест тэлеканалу «Белсат» плануе стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.
ЮВ, belsat.eu