Міністр замежных справаў Беларусі заклікаў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжою садзейнічаць захаванню суверэнітэту і незалежнасці краіны. Пра гэта Уладзімір Макей заявіў падчас паседжання кансультатыўнай рады ў справах беларусаў замежжа.
«Усе мы жывем у вельмі складаны час, і нашая агульная з вамі задача ў тым, каб зрабіць усё магчымае дзеля захавання нашай краіны, каб яна захавала сваю самастойнасць, суверэнітэт і дзяржаўнасць. Я лічу гэта самай галоўнай задачай», – адзначыў Макей.
Кіраўнік айчыннага МЗС таксама спадзяецца, што беларусы замежжа будуць спрыяць развіццю гандлю.
«Разлічваем, што беларусы замежжа будуць прасоўваць не толькі беларускую культуру, але і спрыяць пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязяў», – заявіў міністр Уладзімір Макей.
Падчас сваёй прамовы міністр падтрымаў прапанову аб стварэнні ў Менску Беларускага дому, у якім мог бы зʼявіцца музей беларусаў замежжа, а таксама арганізацыі, якія з імі супрацоўнічаюць.
На сайце беларускай амбасады ў Маскве паведамляецца, што Уладзімір Макей таксама паабяцаў у наступным годзе дапамагчы грамадскаму абʼяднанню «Бацькаўшчына» ў арганізацыі 7-га Зʼезду беларусаў свету. Адзначым, што зʼезды беларусаў свету традыцыйна праходзяць з выкарыстаннем бел-чырвона-белых сцягоў і нацыянальнай сімволікі.
«Падрыхтоўка і правядзенне гэтага мерапрыемства стане адным з галоўных напрамкаў працы ў сферы ўзаемадзеяння з суайчыннікамі. На гэтым зʼездзе павінны быць прынятыя сапраўды важныя рашэнні, якія дазволяць актывізаваць дзейнасць беларусаў замежжа», – сказаў кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства.