МЗС Малдовы заклікае ўрад адклікаць амбасадара з Расеі


Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Малдовы Аляксандр Ройтман паведаміў, што яго ведамства звярнулася ва ўрад з просьбай адклікаць з пасады амбасадара ў Расеі Андрэя Негуцу. Афіцыйныя прычыны такога рашэння невядомыя.

Паводле малдаўскага парталу Omega 13 лютага ў МЗС выклікалі расейскага амбасадара Алега Васняцова. Яму ўручылі ноту, у якой адзначаецца, што Масква не прадставіла Кішынэву інфармацыю аб вызваленых з афганскага палону малдаўскіх лётчыкаў – Ёну Буруянэ і Міхаіла Крыхане.

Пра іх лёс 11 лютага казаў прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Палітык адзначыў, што лётчыкаў, якія прасядзелі тры з паловай гады ў палоне, даставілі ў Маскву. Сустаршыня арганізацыі «Дзелавая Расея» Ігар Чайка паведаміў РБК, што дапамагаў з вызваленнем малдаванаў.

«Яны ў Маскве і хутка адправяцца дадому, мы ім купілі мабільныя тэлефоны, таму яны толькі што патэлефанавалі сваім родным», – заявіў Чайка.

Аднак у сераду выкліканаму ў МЗС расейскаму амбасадару заявілі, што Масква не дае інфармацыі аб тым, дзе і ў якім стане знаходзяцца лётчыкі.

Малдова адклікае свайго амбасадара з Расеі не ўпершыню. У канцы лістапада 2017 года Негуце было загадана вярнуцца на радзіму пасля таго, як МЗС Расеі заявіў пратэст з-за «беспадстаўнай забароны» на ўезд у Малдову расейцаў. Негуца вярнуўся ў амбасаду ў Маскве вясной наступнага года.

Аб’ектыў
У чаргу па Томас цяпер стаяць Малдова і Беларусь
2019.01.05 21:22

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў