МЗС Літвы заклікаў паскорыць прыняцце трэцяга пакету санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі


Трэці транш санкцыяў цяпер абмяркоўваецца.

Еўразвяз павінен паскорыць працэс прыняцця трэцяга пакету санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі, заявіў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус 7 снежня ў Бруселі перад пасяджэннем Рады кіраўнікоў МЗС краінаў ЕЗ.

«Сёння мы, як заўсёды, абмяркуем актуальныя пытанні, і пытанні гэтыя даволі гарачыя, – сказаў ён. – Не скажу, што гэта звычайная справа, але, на жаль, частая. Спадзяюся, мы закранём і пытанні, звязаныя з Беларуссю. Як вядома, цяпер абмяркоўваецца трэці транш санкцыяў. Мы павінны паскорыць гэты працэс і працягнуць ціск на рэжым, які не мяняе сваіх паводзінаў і рыторыкі. Гэта вельмі сумна».

Паводле Лінкявічуса, народ Беларусі «спустошаны, расчараваны, стаміўся, але ў яго моцная воля». І ЕЗ павінен «адыграць сваю ролю» у сітуацыі з ціскам на беларускі рэжым і дапамогай беларускаму народу «з усімі наступствамі».

Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. Фота ru.delfi.lt

Нагадаем, што 3 снежня на Менскім форуме намеснік кіраўніка генеральнага дырэктарата еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння Еўракамісіі Ерун Вілемс абвясціў пра намер ЕЗ бліжэйшым часам увесці трэці пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі і новы пакет дапамогі незалежным СМІ ды грамадзянскай супольнасці.

Вілемс заявіў, што ЕЗ рэагуе на палітычныя падзеі ў Беларусі і ўжо ўвёў візавыя санкцыі ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі ды іншых высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за здушэнне акцый пратэстаў і фальсіфікацыю выбараў.

«Але гэтыя меры не паўплываюць на эканоміку. Сітуацыя можа змяніцца з увядзеннем трэцяга пакету санкцыяў, якое мы плануем бліжэйшым часам», – сказаў Ерун Вілемс.

Гэтыя санкцыі будуць нацэленыя не толькі на фізічныя асобы, але і на юрыдычныя.

2 кастрычніка ЕЗ увёў санкцыі супраць прыкладна 40 беларускіх чыноўнікаў, «якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсяў адносна грамадзянаў краіны». У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркаму, кіраўніцтва і працаўнікі сілавога блоку. 6 лістапада санкцыйны спіс быў пашыраны да 59 чалавек, у яго ўлучылі Лукашэнку. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарожванне актываў згаданых асобаў.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў