МЗС Літвы: Працяг палітычных рэпрэсіяў будзе мець наступствы для стасункаў ЕЗ і Беларусі


Міністэрства замежных справаў Літвы выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды апошніх падзеяў у Беларусі.

МЗС заяўляе, што Літва зацікаўленая ў развіцці добрасуседскіх адносінаў з Беларуссю, аднак гэта залежыць таксама ад волі і дзеянняў афіцыйнага Менску.

«Мы ўважліва назіраем за перадвыбарнай кампаніяй прэзідэнта. Апошнія падзеі падчас перадвыбарчай кампаніі – селектыўная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, новая хваля рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці, апазіцыі, палітычных апанентаў і кандыдатаў, незалежных СМІ і блогераў, затрыманне сотняў людзей – выклікае вялікую занепакоенасць. Цяперашнія здарэння паказваюць, што Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі», – адзначаецца ў заяве.

Літва заклікае ўлады Беларусі правесці свабодныя і сумленныя выбары, адпусціць усіх затрыманых і забяспечыць асноўныя правы чалавека.

«Працяг палітычна абгрунтаваных рэпрэсіяў, магчымы рост колькасці новых палітычных зняволеных будуць мець наступствы для далейшых стасункаў Еўразвязу і Беларусі. Мірныя, свабодныя і добрасумленныя прэзідэнцкія выбары заахвоцілі б дэмакратычнае развіццё Беларусі, умацавалі б яе суверэнітэт і незалежнасць», – адзначаюць у МЗС.

Літва таксама заклікае Беларусь да супрацы з ЕЗ у сферы ядравай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя адносна праекту БелАЭС.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў