МЗС Ірана не пацвярджае інфармацыю аб хуткім вызваленні Юліі Юзік


МЗС Ірана не пацвердзіў звесткі аб хуткім вызваленні «затрыманай» ў Тэгеране расейскай журналісткі Юліі Юзік. Пра гэта тэгеранскаму карэспандэнту «Российской газеты» расказаў Андрэй Ганенка, прэс-аташэ амбасады Расеі ў Іране.

«Амбасадар РФ у Іране Леван Джагаран сёння наведаў іранскі МЗС, дзе правёў сустрэчу з кіраўніком Консульскага дэпартамента спадаром Махамадзі і ўручыў яму ноту з просьбай прадаставіць консульскі даступ да затрыманай грамадзянкі РФ», – расказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, пасольства Расіі запытала іранскае знешнепалітычнае ведамства даць тлумачэнні адносна таго, што адбылося з Юзік.

«Іранцы абяцалі інфармаваць па сутнасці пастаўленых пытанняў. Пры гэтым у МЗС Ірана не пацвердзілі інфармацыю аб хуткім вызваленні расейскай журналісткі», – адзначыў Ганенка.

Раней пасол Ірана ў Расеі Мехдзі Санаі паведаміў намесніку Міністра замежных спраў Расейскай Федэрацыі Ігару Маргулаву пра «хуткае вызваленне» журналісткі.

Hавiны
МЗС Расеі запатрабаваў тлумачэнняў у амбасадара Ірану ў справе затрымання Юліі Юзік
2019.10.04 21:05

Журналістку і пісьменніцу з Масквы, экс-кандыдатку ў дэпутаты ў Дзяржаўную Думу Расеі Юлію Юзік затрымалі ў Тэгеране 2 кастрычніка. У кароткай тэлефоннай размове з дачкой Юлія Юзік паведаміла, што яна цяпер у турэмнай камеры, а на 5 кастрычніка прызначаны суд па яе справе – журналістку абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Ізраіля.

«У аэрапорце ў яе забралі пашпарт і сказалі, што вернуць яго падчас вяртання з краіны. Аднак напярэдадні выламалі дзверы ў яе нумары і проста з нумара забралі супрацоўнікі Корпусу Вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі. Патэлефанаваць у Маскву ёй дазволілі ўчора ўвечары, ды і то на хвіліну. Вось усё, што яна паспела сказаць: сядзіць на падлозе ў камеры, сувязі няма, у суботу ў суд. Яе абвінавачваюць у супрацы з Ізраільскімі спецслужбамі. Гэта – гадоў 10 мінімум», – напісаў у Facebook Барыс Вайцяхоўскі, журналіст і экс-муж Юліі Юзік.

Корпус Вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі – элітнае ваенна-палітычнае фармаванне, створанае ў 1979 годзе з ваенізаваных атрадаў ісламскіх рэвалюцыйных камітэтаў, прыхільнікаў Лідэр іранскіх шыітаў аятала Хамейні.

3 дні таму ў сваім апошнім пасце ў Instagram Юлія Юзік падпісала некалькі зробленых ёю фатаграфіяў так: «50 адценняў блакітнага. На самай справе, я баюся, што калі-небудзь прыеду сюды і больш не вярнуся ».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў