МЗС: Інфармацыі пра беларусаў, якія загінулі ў Сірыі, няма


Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, паведаміў журналістам, што дыпламаты ўважліва адсочваюць сітуацыю ў Сірыі.

«На дадзены момант няма ніякай інфармацыі адносна грамадзянаў Беларусі сярод загінулых і параненых у выніку баявога сутыкнення ў Сірыі», – заявіў Мірончык.

20 лютага МЗС Расеі заявіла, што падчас «нядаўняга ваеннага сутыкнення» у Сірыі былі параненыя і загінулі грамадзяне РФ і СНД. Ніякіх падрабязнасцяў «ваеннага сутыкнення» МЗС раскрываць не стаў, падкрэсліўшы толькі, што вайскоўцы РФ у ім не ўдзельнічалі.

***

7 лютага міжнародная кааліцыя на чале з ЗША нанесла авіяўдар па атрадах, якія наступалі на пазіцыі «Сірыйскіх дэмакратычных сілаў» у раёне горада Дэйр-эз-Зор. Па дадзеных амерыканскіх і расейскіх СМІ ў выніку ўдару загінулі і атрымалі раненні найміты з расейскай ЧВК «Вагнера».

Загінулі ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Таксама паведамлялася аб некалькіх дзясятках параненых. Паводле дадзеных Reuters, параненыя ў Сірыі дастаўлены ў ваенныя шпіталі ў Маскве, Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу. Крыніцы агенцтва паведамлялі, што раненні атрымалі каля 200 чалавек.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў