Еўразвяз выдзеліць Беларусі ад 112 да 136 млн еўра ў выглядзе грантаў


У аглядзе МЗС Беларусі за 2017 год, які быў апублікаваны на сайце міністэрства, адзначаецца, што ўзгадненне Прыярытэтаў партнёрства Беларусь-ЕЗ знаходзіцца на фінальнай стадыі.

Прыярытэты партнёрства стануць «дарожнай мапай» супрацы Беларусі і ЕЗ на 2018-2020 гады ў чатырох абласцях: умацаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання; эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці; транспартныя камунікацыі, энергетыка, экалогія і клімат; кантакты паміж людзьмі.

«Для рэалізацыі праектаў у згаданых сферах у бліжэйшыя тры гады ЕЗ толькі па лініі краінавай праграмы тэхдапамогі плануе выдзеліць Беларусі ад 112 да 136 млн. еўра ў выглядзе грантаў», – паведамілі ў МЗС.

Акрамя таго, Беларусь атрымала на конкурснай аснове доступ да грантавых сродкаў ЕЗ у памеры 282,7 млн. еўра да 2020 года ў рамках фінансавання праграм трансгранічнай супрацы ЕЗ.

Чакаецца, што з 2018 года Беларусь разам з іншымі краінамі-суседзямі ЕЗ зможа скарыстацца сродкамі новага Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця, які павінен стымуляваць прыток інвестыцыяў у эканоміку гэтых краінаў, адзначаюць у МЗС Беларусі.

У цэлым, як адзначаюць у МЗС, Беларусь у 2017 годзе працягнула выбудоўваць канструктыўныя прагматычныя адносіны з ЕЗ і ЗША «ва ўмовах недаверу» паміж Расеяй і Захадам.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў