МЗС Беларусі заступілася за рэжым Нікаляса Мадуры


Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з асуджэннем спробы прыхільнікаў Хуана Гуаідо зрынуць Нікаляса Мадура.

Гэтыя дзеянні Менск называе спробай «неканстытуцыйнага захопу ўлады», а Мадура – «законна абраным прэзідэнтам».

«Падобныя дзеянні пагаршаюць сітуацыю і дэстабілізуюць абстаноўку ў краіне, раз’ядноўваюць венесуэльскае грамадства. У сучасным свеце не павінна быць месца неканстытуцыйным праявам, што груба парушаюць асновы дэмакратыі і прынцыпы гуманнасці. Праблемы, якія стаяць перад Венесуэлай, павінны вырашацца выключна мірным шляхам, у рамках прававога поля і Канстытуцыі краіны», – адзначаецца ў заяве МЗС.

У міністэрстве заклікаюць «апазіцыйныя палітычныя сілы да мірнага дыялогу».

  • 30 красавіка Хуан Гуаідо апублікаваў відэа, запісанае базе ваенна-паветраных сілаў краіны. На запісе ён заявіў, што вайскоўцы «прынялі правільнае рашэнне», перайшлі на ягоны бок і гатовыя змагацца з урадам Мадура. Ён абвясціў пра пачатак «апошняга этапу» звяржэння Нікаляса Мадуры. У адказ Мадура ў тэлезвароце паабяцаў задушыць спробу дзяржаўнага перавароту. Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэёў заявіў, што Нікаляс Мадура на фоне моцных антыўрадавых пратэстаў быў гатовы збегчы з краіны, але пад ціскам Масквы застаўся. «Ягоны самалёт стаяў у аэрапорце, як я разумею, ён гатовы быў з’ехаць сёння раніцай, але рускія далі зразумець, што ён павінен застацца», – сказаў Пампэёў ў інтэрвʼю CNN.
  • Венесуэла перажывае зацяжны эканамічны крызіс, які стаў вынікам палітыкі Нікаляса Мадура. У краіне гіперінфляцыя, людзям не хапае ежы і лекаў, сотні тысяч венесуэльцаў эмігравалі. У канцы 2018 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх зноў перамог Мадура. Аднак апазіцыя і большасць краінаў Лацінскай Амерыкі перамогу Мадура не прызналі, бо не лічылі выбары свабоднымі і справядлівымі.
  • 23 студзеня старшыня парламенту Венесуэлы Хуан Гуаідо заявіў аб адхіленні Нікаляса Мадура ад пасады прэзідэнта. Яго прызналі часовым кіраўніком Венесуэлы ЗША, амаль усе дзяржавы Паўднёвай Амерыкі і многія еўрапейскія краіны.
Аб’ектыў
Інфармацыю пра жаданне ўцячы з Венесуэлы Мадура назваў жартам
2019.05.01 23:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў