МЗС Беларусі пракаментавала рэвалюцыйныя падзеі ў Балівіі


МЗС Беларусі апублікаваў адмысловую заяву ў сувязі з падзеямі Балівіі, дзе прэзідэнт Эва Маралес сышоў у адстаўку пад ціскам масавых пратэстаў.

«Беларусь выступае за наладжванне агульнанацыянальнага дыялогу ў мэтах пераадолення ўсіх наяўных супярэчнасцяў у Балівіі. Зыходзім з неабходнасці вырашэння сітуацыі выключна мірным шляхам, у рамках прававога поля і Канстытуцыі краіны. Рознагалоссі ў балівійскім грамадстве не павінны станавіцца нагодай для супрацьпраўных дзеянняў, якія вядуць да непрадказальных наступстваў», – падкрэслілі ў беларускім дыпламатычным ведамстве.

МЗС выказала падтрыманне ўсім намаганням аднавіць агульнанацыянальную згоду ў Балівіі і спадзяецца, што ў хуткім часе ў краіне сітуацыя стабілізуецца.

  • У Балівіі цягам трох тыдняў адбываліся масавыя акцыі пратэсту. Яны распачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамог Эва Маралес. Ягоны асноўны апанент Карлас Мэса не прызнаў афіцыйных вынікаў выбараў і абвінаваціў дзейнага прэзідэнта ў спробе сфальсіфікаваць вынікі галасавання. У краіне распачаліся масавыя пратэсты, а 8 лістапада на бок дэманстрантаў пачалі пераходзіць сілавікі.
  • 11 лістапада Эва Маралес, які кіраваў краінай амаль 14 гадоў, падаў у адстаўку. Ён выказаў надзею, што ягоны сыход дапаможа спыніць гвалт у краіне і закалоты. Генеральная пракуратура Балівіі выступіла з заявай пра пачатак расследавання крымінальных справаў аб фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Старшыня балівійскага Найвышэйшага выбарчага суда Марыя Эўхэнья Чоке і ейны намеснік Антоньё Костас былі арыштаваныя пры спробе ўцячы са сталіцы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў